Апытанне: чыёй версіі пра тэракт вы давяраеце?


Карэспандэнты “Белсату” запыталі жыхароў сталіцы, з якой крыніцы яны чэрпаюць праўдзівую, на іхную думку, інфармацыю пра выбух у менскім метро. У гадавіну тэракту, 11 красавіка, свае фільмы, прысвечаныя выбуху і расследаванню, паказалі Першы канал беларускага тэлебачання і “Белсат”.

“Каналы ўсе дзяржаўныя нават “Прожекторперисхилтон”, дзе высмейваюць Лукашэнку, нічога сур’ёзнага не гаворачы, выразаюць. Што ўжо казаць пра нешта сур’ёзнае?..” – разважае спадар.

Наступны апытаны давярае незалежным крыніцам: “Усебакова, аб’ектыўна расследаванне паказваюць. <…> [На дзяржаўным тэлебачанні] не было альтэрнатыўнага гледзішча”.

Спадарыня лічыць, што і ў інтэрнэце, і на тэлебачанні можна паказаць усё што заўгодна. Таму яна давярае таму, што “кажуць людзі з яе атачэння”. Рэспандэнтка, брат якой дапамагаў пасля выбуху выносіць параненых, раіць чэрпаць інфармацыю ад “людзей, якія там былі”. Па тэлевізары, мяркуе яна, паказваюць толькі палову праўды, “каб моцна не траўмаваць людзей, каб яны давяралі нашай міліцыі”.

Наступны апытаны аналізуе розныя гледзішчы, а хуткае выкананне прысуду звязвае з гадавінаю тэракту. “Думаю, паказваюць тое, што хочуць”, – разважае спадарыня наконт дзяржаўнага тэлебачання. “Хочацца давяраць дзяржаўным тэлеканалам”, – прызнаецца яшчэ адна ўдзельніца апытання. Апошняя рэспандэнтка аддае перавагу інтэрнэту.

belsat.eu

Стужка навінаў