КДБ: на беларуска-польскай мяжы затрымалі чэчэнскіх баевікоў


Спецслужбы Беларусі затрымалі дваіх чэчэнцаў, якіх шукаюць па абвінавачанні ў расстрэле паліцэйскага патруля ў Грозным.

Пра гэта агенцтву “Интерфакс-Запад” паведамілі ў Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ Беларусі. “Двое з затрыманых датычныя да дзейнасці незаконных узброеных фармаванняў і абвешчаныя расейскімі спецслужбамі ў міжнародны вышук за расстрэл паліцэйскага патруля ў г. Грозны”, – удакладнілі там. Цяпер затрыманых мусяць перадаць расейскаму боку, у адпаведнасці з міждзяржаўнымі дамовамі.

Асобу яшчэ аднаго затрыманага, які супраціўляўся са зброяй у руках, высвятляюць. Вырашаецца пытанне аб распачынанні крымінальнай справы.

“Паводле паказанняў затрыманых, яны мелі намер нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу маршрутам, які ўжо прайшоў свайго роду “абкатку” і раней паспяхова выкарыстоўваўся чэчэнскімі баевікамі. Канчатковым пунктам іхнага падарожжа была адна з краінаў Еўрапейскага Звязу – Данія альбо Бельгія”, – адзначылі ў ЦІГС.

Беларускія спецслужбы збіраюць звесткі пра колькасць чальцоў групоўкі. “Паводле наяўнай у Камітэце інфармацыі, асобным чальцам усё ж удалося нелегальна пераправіцца ў Еўропу”, – удакладнілі ў ЦІГС КДБ. Там таксама адзначылі, што затрыманне правяло Упраўленне КДБ Берасцейскай вобласці па арыенціроўцы Федэральнай службы бяспекі Расеі.

belsat.eu

Стужка навінаў