Пуцін стаў героем поп-арту


Выстава карцінаў “Найдабрэйшай душы чалавек” адкрылася ў ягоным родным горадзе – Санкт-Пецярбурзе.

Мастак Аляксей Сергіенка развесіў партрэты расейскага прэзідэнта-электа Уладзіміра Пуціна ў галерэі, якая месціцца ў кватэры шматпавярховіка ў цэнтры паўночнай сталіцы. Ён сказаў, што хацеў паказаць Пуціна як эмацыйнага чалавека.

“Я глядзеў выступ нашага прэзідэнта [Уладзіміра Пуціна. – belsat.eu] на Манежнай плошчы [пасля ягонай перамогі на выбарах. – belsat.eu] 5 сакавіка. Я быў так уражаны, калі ён выйшаў і заплакаў проста на сцэне. Слёзы коцяцца, валасы раскудлачаныя. На наступны дзень я вырашыў напісаць ягоны партрэт”, – распавёў Аляксей Сергіенка.

Вобраз Пуціна са слязьмі на вачах займае цэнтральнае месца на выставе. Сергіенка нават надрукаваў яго на чорнай футболцы. На другім партрэце кіраўнік краіны абдымае сваю сабаку – лабрадора Коні (мастак адмыслова знайшоў адпаведны здымак у інтэрнэце). Усяго атрымалася дванаццаць выяваў палітыка (менавіта столькі гадоў ён кіруе Расеяй).

Наведнік выставы сацыёлаг Аляксей Макееў прапаноўвае вешаць партрэты ў стылі поп-арт у кабінетах чыноўнікаў замест фотаздымкаў Уладзіміра Пуціна. „Гэта будзе наўпроставае падтрыманне творчых людзей і мастакоў у прыватнасці”, – дадаў ён.

Аляксей Сергіенка на сваім сайце піша, што ягоныя карціны ўжо ёсць у калекцыі Адміністрацыі прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў