Рымашэўскаму адключылі мікрафон, дзеля Раманчука “сапсавалі” каналізацыю


Як улады зрываюць сустрэчы з выбарнікамі.

Учора два кандыдаты на прэзідэнта ад апазіцыі сустрэліся з выбарнікамі.

У Гомелі на сустрэчы з Віталём Рымашэўскім адключылі мікрафоны, а прысутных выгнала ахова. Да моманту зрыву сустрэчы зала была запоўненая цалкам. Прысутнічалі на ёй і праўладныя правакатары, з якімі развітваліся дэманстратыўнымі воплескамі. Рэшту людзей выйсці змусілі.

“Самае хамскае КДБ, кіраўніцтва – гэта тут. Самыя хамскія ўлады, на жаль, гомельскія”, – пракаментаваў здарэнне Віталь Рымашэўскі. Аднак і ў сталіцы адміністрацыя не аказалася прыязнаю.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Яраслаў Раманчук увечары 13 снежня быў вымушаны размаўляць з прыхільнікамі на ганку Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Сустрэча мелася адбыцца ў будынку: яго вылучыла Цэнтральная выбарчая камісія. Аднак кіраўніцтва ВНУ не пусціла людзей унутр, спаслаўшыся на “прарыў каналізацыі”.

Дарэчы, гэта адзіная сустрэча Раманчука ў Менску, і дату абралі адмыслова: з улікам таго, што на наступны дзень распачыналася датэрміновае галасаванне. На спатканне прыйшлі каля 150 чалавек. Яраслаў Раманчук заявіў прысутным, што Аляксандра Лукашэнку сёння падтрымліваюць не больш як 35% выбарнікаў, а ў Менску — не больш як 20%, што дазваляе “спадзявацца на перамогу ў гэтым прэзідэнцкім цыкле”.

belsat.eu

Стужка навінаў