Магілёў: звольнены рабочы дамогся свайго ў судзе


У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва 12 красавіка падпісанае міравое пагадненне паміж ААТ «Прамжылбуд» і актывістам незалежнага прафсаюзу РЭП, мулярам Аляксеем Паўлоўскім, які патрабаваў змяніць фармулёўку звальнення і выплаціць грашовую кампенсацыю памерам 11,662 млн руб.

Суддзя Аляксандр Раманаў зачытаў бакам тэкст міравога пагаднення, да якога яны прыйшлі перад пачаткам судовага пасяджэння. Ісцец і адказчык у асобе вядучай юрысткі ААТ Раісы Краснікавай падпісалі дакумент.

Паўлоўскі заявіў, што афіцыйны Белхімпрафсаюз у гэтай працоўнай спрэчцы займаў бок наймальніка. Паводле рабочага, у цэлым ён задаволены вынікам суда.

Пра сітуацыю на «Прамжылбудзе» «Белсат» раней распавядаў у інфармацыйнай праграме «Аб’ектыў». Кіраўніцтва прадпрыемства не працягнула з 10 лютага працоўны кантракт з актывістам прафсаюзу РЭП Аляксеем Паўлоўскім. Будаўнік, у сваю чаргу, заявіў пра шматлікія парушэнні заканадаўства, у прыватнасці нормаў аховы працы на будоўлі, якая вядзецца непадалёк ААТ «Магілёўхімвалакно», і падаў заяву пра датэрміновае скасаванне кантракту з-за невыканання наймальнікам умоваў працоўнага пагаднення.

Ісцец патрабаваў, каб прычынай яго звальнення быў арт. 41 Працоўнага кодэксу (у звязку з парушэннем наймальнікам умоваў кантракту), які прадугледжвае выплату трохмесячнай выхадной дапамогі. Фінансавыя патрабаванні Паўлоўскага – 11,662 млн руб., у якія ўваходзяць кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча (тры сярэднямесячныя заробкі) і выхадная дапамога (двухтыднёвы сярэдні заробак).

Звальненню Паўлоўскага папярэднічаў працоўны канфлікт рабочых ягонай брыгады з адміністрацыяй будаўнічай арганізацыі. У студзені 15 чалавек пісьмова запатрабавалі працягу кантракту з Паўлоўскім, прыгразіўшы выхадам з Белхімпрафсаюзу і звальненнем на знак салідарнасці. Потым практычна ўсе яны адклікалі свае подпісы. Тры будаўнікі напісалі новае хадайніцтва да адміністрацыі, каб Паўлоўскага пакінулі на працы.

belsat.eu

Стужка навінаў