На “Кастрычніцкай” адкрылі мемарыял “Рака памяці”


Адкрыццё адбылося падчас афіцыйнай цырымоніі, прысвечана гадавіне тэракту ў менскім метро.

Мемарыял зроблены з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту. На грабянях хваляў, якія і сімвалізуюць раку памяці, выбітыя прозвішчы 15 загінулых ад выбуху. Адкрыў памятны знак мэр Менску Мікалай Ладуцька. А 17:56, менавіта ў гэты час год таму і прагрымеў выбух, 15 разоў прагучаў звон як напамін пра пятнаццаць ўнесеных жыццях.

Ушанаваць памяць загінулых сабраліся каля 200 чалавек, сярод іх пацярпелыя ад тэракту і сваякі загінулых. Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на жалобнай цырымоніі не было.

Мітынг-рэквіем і паніхіда таксама прайшлі ўвечары ў менскай царкве Усіх Святых. Але менчукі пачалі несці кветкі ды памінальныя знічы да выхаду са станцыі метро “Кастрычніцкая” з самага ранку. Ускладанне кветак праходзіла пад пільным наглядам міліцыі, якая нервова рэагавала на журналістаў і фотакарэспандэнтаў.

А 19:00 гадзіне да памятнага знака стала прыходзіць моладзь, што адгукнулася на заклік апазіцыйных моладзевых рухаў. “11 красавіка 2011 года застанецца ў памяці абсалютнай большасці беларусаў як дзень трагедыі, бессэнсоўнага забойства людзей у менскім метрапалітэне. Праз год пытанні “каму і навошта?” засталіся. І хаця “тэрарыстаў” злавілі праз тры дні, асудзілі ды расстралялі менш як праз год, пытанняў у грамадстве засталося куды больш, чым адказаў”, – гаварыцца ў звароце, напярэдадні распаўсюджанай у інтэрнэце.

І, як стала вядома, не абышлося без затрыманняў. “Мне патэлефанавала Наста Лойка і толькі паспела сказаць, што яе і Юрыя Ходуса затрымалі нібыта за нецэнзурную лаянку і вязуць у Ленінскае РАУС”, – распавёў “Белсату” актывіст кампаніі “Гавары праўду” Павел Вінаградаў.

belsat.eu

Стужка навінаў