Анатоль Лябедзька: Лукашэнка – гэта не асоба, а сістэма


Бліжэйшым часам Аб’яднаная грамадзянская партыя плануе падаць заяўкі на правядзенне 15 траўня 60–65 пікетаў у розных гарадах Беларусі, на якіх партыя будзе патрабаваць сумленных выбараў без Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні АГП Леў Марголін на прэс-канферэнцыі ў Менску 11 красавіка.

Паводле яго, АГП пачынае практычныя дзеянні дзеля ажыццяўлення кампаніі “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”, прынятай на з’ездзе партыі 31 сакавіка.

“Мы казалі, што не будзем прывязвацца да тэрмінаў выбарчай кампаніі, абвешчанай уладамі. Мы пачынаем яе зараз і будзем працягваць да таго часу, пакуль не развяжам пытання правядзення ў краіне сумленных выбараў паводле стандартаў АБСЕ. Хаця Лукашэнка і не ведае пра наяўнасць такіх стандартаў. Можа, адною з нашых задачаў будзе давесці яму гэтыя стандарты”, – заявіў Марголін.

Ён адзначыў, што АГП пачала фармаваць штаб кампаніі пікетаў, а кіраваць гэтым штабам даручылі яму. “У штаб увойдуць прадстаўнікі рэгіёнаў, кіраўніцтва партыі. Таксама мы плануем стварыць пры штабе крэатыўную групу, бо разумеем, што любая кампанія тады мае плён, калі яна праводзіцца крэатыўна, энергічна, з новымі ідэямі. Калі нам не дазволяць праводзіць пікетаў, мы не будзем у масавым парадку гэта рабіць, бо ведаем, да чаго гэта можа прывесці”, – падкрэсліў Марголін.

Акрамя таго, у АГП пачалі фармаваць спіс спікераў – кандыдатаў у дэпутаты, якія будуць агучваць пазіцыю партыі перад выбарнікамі. “Увесь склад палітрады АГП адзінагалосна запісаўся ў гэты спіс. Цяпер у палітрадзе 16 чалавек, але сёння прысутнічалі не ўсе”, – сказаў Марголін.

“Слова “Лукашэнка” мы бярэм у двукоссе. Для нас гэта не столькі персона, колькі створаная сістэма. Сістэма маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў. Калі мы атрымаем адмоўны адказ на заяўкі, мы будзем аспрэчваць гэтыя рашэнні ў судовым парадку. Вычарпаўшы мажлівасці ўнутры краіны, будзем звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН”, – заявіў лідар партыі Анатоль Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў