Алесь Марачкін у “Гарачым каментары”


Віцебскі актывіст, асуджаны за нацыянальны сцяг, працягвае сваё адзіночнае змаганне і за кратамі – з перапынкам ён галадае ад снежня мінулага года. Паплечнікі Сяргея называюць яго героем, а вось улады спрабуюць давесці, што падобнае змаганне ёсць вар’яцтвам.

Алесь Марачкін падкрэслівае, што Сяргей Каваленка вывесіў сцяг на Новы год, а значыцца, у калядны час. Чаму вывешванне кавалка тканіны на святочнай яліне прыраўнялі да крымінальнага злачынства, як забойства і згвалтаванне? Гэта магчыма толькі ў краіне, якой кіруе “праваслаўны атэіст”, гаворыць Алесь Марачкін. “Логіка толькі адна: улада люта ненавідзіць усё нацыянальнае”, – лічыць ён.

Чаму ахвяра Сяргея Каваленкі не выклікае падтрымання сярод беларусаў, чаму большасць з іх нават нічога не ведае? “Грамадства недасведчанае, замбаванае дзяржаўнымі СМІ”, – тлумачыць мастак.

Сёння судовая калегія Віцебскага абласнога суда прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. Дзеля гэтага віцебскага галадоўніка накіруюць у псіхіятрычную больніцу ў Навінках. Паводле папярэдніх высноваў псіхіятраў, паказаных на судзе, псіхічная хвароба Каваленкі заключаецца ў ягоным адмаўленні ад ежы.

Цяпер жа экспертыза ў “Навінках” мае выявіць, сярод іншага, ці меў псіхічную хваробу віцяблянін на момант здзяйснення крымінальнага злачынства і ці асэнсоўваў тады свае дзеянні. Злачынствам жа ўлады лічаць вывешванне Сяргеем Каваленкам бела-чырвона-белага сцяга на галоўнай яліне Віцебску ў 2010 г., за што актывіста КХП БНФ асудзілі на тры гады “хатняй хіміі”. 24 лютага сёлета суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад пакарання. Пратэстуючы супраць гэткага выраку, Сяргей Каваленка і абвесціў галадоўку, у час якой ужо страціў каля паловы сваёй ранейшай вагі і застаецца ў крытычным стане.

belsat.eu

Стужка навінаў