Хрыстос уваскрос!


Каталікі, грэка-каталікі ды пратэстанты Беларусі святкуюць Вялікдзень. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх бажніцах краіны. У пастырскім пасланні метрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртае ўвагу на тое, што “сучасны свет супрацьстаіць прысутнасці Бога на зямлі”.

“Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасця ў нязгодных з воляю Божаю сексуальных задавальненнях і сквапных накапленнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыццё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысціянскай этыкі. З лёгкасцю можам прынізіць годнасць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г. д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: “Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чымся ў іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадстве”, – адзначае метрапаліт.

“Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман, з’яўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да змешвання сэнсу з глупствам, праўды з хлуснёй, жыцця са смерцю”, – гаворыцца ў пастырскім пасланні.

“Гісторыя мукі і смерці Хрыста – гэта гісторыя трыумфу фальшу над праўдаю, несправядлівасці над справядлівасцю, злога духу над дабром, – падкрэслівае Тадэвуш Кандрусевіч. – Езус быў фальшыва абвінавачаны за злачынствы, якіх не здзейсніў, несправядліва асуджаны на смерць, якой не заслужыў… Гэта гісторыя здрады і хлусні, несумленнасці і ганебнасці, нявернасці ды гвалту, накіраваная супраць нявіннай і бездапаможнай ахвяры. Усё гэта прыходзіць нам у галаву ў Вялікую пятніцу”.

“Смерць – гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, “смяецца той, хто смяецца апошні”. І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе свята Вялікадня”, – адзначае ў сваім пасланні да паствы кіраўнік Рыма-каталіцкага касцёлу Беларусі.

“Нам неабходна памятаць пра гэта ў наш час новых ганенняў на хрысціянства, пра што сведчыць прыняцце ў шматлікіх краінах свету, якія нават ганарацца развітаю дэмакратыяй, супярэчных Божаму і натуральнаму закону пастановаў, забарона хрысціянскіх сімвалаў, імкненне зрабіць веру прыватнаю справаю чалавека. Сёння няўзброеным вокам бачна ўсё большае праяўленне секулярных і лібералістычных тэндэнцыяў і прапаганды матэрыяльнага атэізму. Сучасны чалавек усё часцей і часцей адракаецца ад Бога і жыве так, як быццам Яго зусім няма. Гэта шлях у нікуды”, – упэўнены метрапаліт Кандрусевіч.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі дзее 619 рыма-каталіцкіх парафіяў, аб`яднаных у чатыры дыяцэзіі, 18 грэка-каталіцкіх парафіяў, больш за 1000 пратэстанцкіх грамадаў.

belsat.eu

Стужка навінаў