Суд пакінуў прадпрымальнікам працоўныя месцы на «Экспабеле»


Гаспадарчы суд забяспечыў прадпрымальнікам гандлёвага цэнтру “Экспабел” захаванне за імі гандлёвых месцаў на час разгляду і абскарджання іхных заяваў.
Пра гэта 6 красавіка паведаміў лідар прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. Сённяшняе паседжанне суда ён называе “крокам дзеля цывілізаванага развязання спрэчкі паміж прадпрымальнікамі ГЦ “Экспабел” і адміністрацыяй цэнтру”.
Аднак, паводле Шумчанкі, пра канчатковыя вынікі гаварыць пакуль рана. Удзельнікам спрэчкі далі час на замірэнне, каб яны выпрацавалі нейкую агульную пазіцыю: “Шкада, што з 300 арандатараў падалі позвы ў суд і пайшлі да канца толькі чатыры чалавекі, але я думаю, што гэтыя людзі на сённяшні дзень не пашкадавалі пра гэта”.
З 6 красавіка пазоўнікі вярнуліся на свае працоўныя месцы, бо суд захаваў апошнія на час разгляду і абскарджанні заяваў. “Людзі не выкінутыя на вуліцу – і гэта пакуль галоўны вынік”, – заявіў Шумчанка.
Ён паведаміў, што наступнае пасяджэнне суда адбудзецца 16 красавіка, і заяву ў суд рыхтуе яшчэ адзін, буйнейшы прадпрымальнік. “Калі сёння павялічваецца арэнда, усе мусяць разумець, што будуць павялічвацца кошты, а тады мусіць быць павялічаны і заробак – ці гатовая сёння дзяржава падняць заробак на дакрызісны ўзровень? Калі не гатовая, то тут трэба знаходзіць нейкія прымальныя для ўсіх рашэнні. Паверце, прадпрымальнікі не хочуць стаяць “на халяву”. У нас канструктыўныя прапановы, мы заўсёды гатовыя да абмеркавання”, – падкрэсліў Шумчанка.
belsat.eu
Стужка навінаў