Барысу Кіту споўнілася 102 гады!


Сусветна вядомы навуковец у свой дзень народзінаў перадае прывітанні ўсім беларусам. «Зычу здароўя і шчасця, плённай дзейнасці дзеля нашай беларускай справы, зычу ўсяго найлепшага», – адказаў на віншаванні Барыс Кіт.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 г. у Санкт-Пецярбурзе ў сям’і беларуса. Доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы. У 1928 г. скончыў Навагрудскую беларускую гімназію, у 1933 г. – Віленскі ўніверсітэт. Працаваў настаўнікам, дырэктарам беларускіх гімназіяў у Вільні і Наваградку. За рэвалюцыйную дзейнасць яго двойчы арыштоўвалі польскія ўлады, а за беларускія справы – нямецкія акупанты. У 1943 г. Кіт арганізаваў настаўніцкую семінарыю ў Паставах і адміністрацыйна-гандлёвую вышэйшую школу ў Маладзечне. З 1944 г. – у эміграцыі. Заснаваў беларускую калонію ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Удзельнік распрацоўвання касмічных праектаў ЗША, выкладаў у Мэрылэндскім універсітэце ды ўніверсітэтах Нямеччыны, дзе жыве з 1972 г. Фундатар шэрагу эміграцыйных беларускіх выданняў і беларускага радыё ў Аўстраліі.

Даведацца больш пра выбітнага беларуса можна дзякуючы дакументальнаму фільму пра Барыса Кіта, які знялі Вольга Швед і Антось Цялежнікаў для тэлеканалу «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў