Андрэй Карпунін у „Гарачым каментары”


Стабільнасць у эканоміцы залежыць ад вонкавых крэдытаў. Але атрымаць іх усё складаней. МВФ не плануе разглядаць новую праграму крэдытавання. А антыкрызісны фонд ЕўрАзЭСу настойвае на больш жорсткай беларускай стабілізацыйнай праграме, чымся ўзгодненая бакамі летась. У прыватнасці, золатавалютны запас мае складаць не два месяцы імпарту, а тры.

Паводле старшыні Клубу фінансавых дырэктараў Андрэя Карпуніна, тое, што эканамічная сітуацыя стабілізавалася, – часткова праўда. Ён лічыць, што ўрад і Нацбанк шмат зрабілі за апошнія тры месяцы. Стаўка рэфінансавання і крэдытная стаўка зніжаюцца. Стаўка на дэпазітах застаецца высокая, што не дазваляе грамадзянам перавесці ўклады ў беларускіх рублях у валюту. Гэта, гаворыць эксперт, і ёсць стратэгічная задача, якую паставіў і вырашыў Нацбанк.

Згаданыя дзеянні дазволяць не раней як праз шэсць месяцаў падвысіць рэйтынг краіны, які сёння – „на ўзроўні смеццевага”, што стварае перашкоды для прыцягнення інвестыцыяў. Пацяпленне ж у адносінах з краінамі ЕўрАзЭСу прыйдзе тады, калі Беларусь дазволіць расейскім і казахскім алігархам скупіць „салодкія” прадпрыемствы.

Разам з тым кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова кажа, што сёлета курс долара будзе трымацца на ўзроўні 8–8,5 тысяч рублёў. Спачатку ж Нацбанк прагназаваў курс на ўзроўні 9150 рублёў за адзін долар.

„Нацбанк з Міністэрствам эканомікі ўручную кожную гадзіну намацваюць пульс эканомікі”, – працягвае госць „Гарачага каментару”. Такія крокі дзеля стабілізацыі сітуацыі Карпунін параўноўвае з назіраннем доктара за цяжка хворым ва ўмовах, калі тамограф не працуе. Складана прадказаць, ці чакае беларусаў новая дэвальвацыя, і калі так, то на якім узроўні.

belsat.eu

Стужка навінаў