Раманчуку прапанавалі стаць прэм'ер-міністрам


З ім сустрэліся прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта.

Кандыдат на прэзідэнта ад “Аб’яднанай грамадзянскай партыі”, эканаміст Яраслаў Раманчук атрымаў прапанову заняць пасаду прэм’ер-міністра або віцэ-прэм’ера, адказнага за эканамічныя рэформы.

Пра гэта палітык паведаміў падчас прэс-канферэнцыі 13 снежня. Паводле яго, на мінулым тыдні да яго звярнуліся два супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта. Сустрэча мела нефармальны характар. “Прадстаўнікі адміністрацыі паведамілі, што некаторыя мае ідэі маюць канструктыўны характар”. Пры гэтым зняцца з выбараў Раманчуку не прапаноўвалі.

Кандыдат назваў шэраг умоваў, якія павінны выканаць, каб ён згадзіўся заняць пасаду. У прыватнасці, укамплектаваць урад “сапраўднымі прафесіяналамі” і павялічыць яго паўнамоцтвы адносна Савету Міністраў.

Нагадаем, што яшчэ падчас онлайнавай канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты БелаПАН “Белорусские новости” 9 снежня Раманчук заявіў, што гатовы ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне ў краіне рынкавых рэформаў. Аднак для гэтага трэба “перафарматаваць сістэму ўлады, пачаць дыялог з грамадствам і бізнэсам”. Паводле кандыдата, “сёння прэм’ер – гэта хлопчык для біцця Адміністрацыяй прэзідэнта. Ён не можа нават звольніць намесніка міністра”.

belsat.eu

Стужка навінаў