Міністэрства абароны разгледзіць скаргу на... уласныя дзеянні


Генеральная пракуратура накіравала скаргу праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, якому быў абмежаваны выезд за межы Беларусі, у Міністэрства абароны. Пра гэта праваабаронца быў паінфармаваны лістом з Генеральнай пракуратуры 28 сакавіка, паведамляе сайт www.spring96.org.

У скарзе Стэфановіч прасіў правесці пракурорскую праверку і вызначыць асобаў, якія прынялі неправамоцнае рашэнне абмежаваць ягонае права на выезд з Беларусі, а таксама зрабіць неадкладныя захады дзеля аднаўлення парушаных правоў.

11 сакавіка праваабаронца не змог выехаць з Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” працаўнікі памежнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выездзе. На думку Стэфановіча, “такія дзеянні абмежавання выезду з краіны маюць наўмысны характар і скіраваныя на парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў на свабоду перамяшчэння выключна з палітычных матываў. У гэтым выпадку Генеральная пракуратура мела правесці пракурорскую праверку, ад чаго яна цалкам ухілілася, накіраваўшы скаргу ў Міністэрства абароны”.

Рашэнне часова абмежаваць выезд з краіны Стэфановіч будзе таксама абскарджваць праз суд.

Нагадаем, ад пачатку сакавіка адмову ў выездзе за мяжу атрымалі апазіцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Віктар Карняенка, Сяргей Калякін, Валерый Ухналёў, Вінцук Вячорка, Леў Марголін і Станіслаў Шушкевіч, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак, Гары Паганяйла, Алег Волчак і Андрэй Бандарэнка, журналісты Жанна Літвіна, Міхаіл Янчук і Андрэй Дынько.

Ва ўпраўленнях грамадзянства і міграцыі паводле месца жыхарства ім у якасці прычынаў адмовы ў выездзе за мяжу называлі няяўку ў ваенкамат наконт прызыву ў армію (прытым, што прызыўны ўзрост гэтых грамадзянаў даўно закончыўся), а таксама нейкія выстаўленыя ім грамадзянскія пазовы, пра якія самі невыязныя нічога не ведалі.

belsat.eu

Стужка навінаў