Каваленку пачалі прымусова карміць


У псіхіятрычным шпіталі калоніі «Віцьба-3» пачалі прымусова карміць Сяргея Каваленку праз зонд дзіцячаю малочнаю сумессю «Беллакт».

Паводле жонкі вязня Алены Каваленкі, Сяргею, пачынаючы з нядзелі, уліваюць сумесь шэсць раз на дзень. Таксама ставяць кропельніцы. Усё гэта робіцца прымусова, і, як гаворыць Алена Каваленка, калі б ейнага мужа перавезлі ў звычайны шпіталь, ён бы сам пагадзіўся выходзіць з галадоўкі. А турэмным дактарам Сяргей Каваленка не давярае.

«Мне цяжка ацэньваць дзеянні маіх калегаў, не валодаючы ўсёй інфармацыяй. Але ў любым выпадку «Беллакт» – гэта лепш, чымся ўвогуле нічога», – пракаментаваў «Белсату» навіну анестэзіёлаг-рэаніматолаг з Менску Андрэй Вітушка.

Суразмоўца таксама ўпэўнены, што для захавання жыцця і здароўя Сяргея Каваленкі лепш было б перавесці яго ў цывільны шпіталь. Такая працяглая галадоўка не магла не адбіцца на стане арганізму, працы ўнутраных органаў, тлумачыць Андрэй Вітушка. «Такі пацыент мусіць быць пад пастаянным наглядам дактароў, яму трэба толькі ціск і тэмпературу замяраць некалькі разоў на дзень. Нават лекавае галаданне праводзіцца ў стацыянары або санаторыі пад няспынным кантролем медыкаў. А тут такая працяглая галадоўка…» – зазначае Андрэй Вітушка.

Актывіста КХП – БНФ Сяргея Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц калоніі за парушэнне адбыцця «хатняй хіміі». Першы тэрмін ён атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебску. Вязень сябе злачынцам не прызнае. На знак пратэсту Сяргей Каваленка абвесціў галадоўку, якую абяцае спыніць, калі з яго знімуць усе абвінавачванні.

У суботу з вязнем меліся сустрэцца ягоная маці і жонка. Аднак жанчынам у спатканні адмовілі. Лекар калоніі «Віцьба-3», дзе адбывае пакаранне Сяргей Каваленка, паведаміў, што стан здароўя вязня значна пагоршыўся і цяпер бліжэйшы да цяжкага.

belsat.eu

Стужка навінаў