Ярмошына: Ўэб-камераў на выбарах не будзе


Закуп абсталявання каштуе $ 4,5 млн, што складае палову бюджэту выбараў.

Дакладны ж дзень могуць прызначыць у чэрвені, паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі ў выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, якую цытуе БелТА.

Лідзія Ярмошына патлумачыла, што ніякага іншага дня, акрамя таго, пра які казалі раней, пакуль не называлі: “Крайняя дата магчымага правядзення парламенцкіх выбараў – 23 верасня”.

Адказваючы на пытанне з нагоды магчымага запрашэння або незапрашэння назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ, Лідзія Ярмошына патлумачыла, што гэтае пытанне будзе вырашацца Лукашэнкам супольна з Міністэрствам замежных справаў. “Наконт АБСЕ, хутчэй за ўсё, будзе прымацца асобнае рашэнне”, – дадала яна.

Што датычыць місіі СНД, дык яна, паводле Лідзіі Ярмошынай, будзе працаваць у поўным аб’ёме.

Кажучы пра перайманне досведу прэзідэнцкіх выбараў у Расеі, старшыня Цэнтрвыбаркаму патлумачыла, што ў расейскіх калегаў узялі пэўныя метадычныя рэкамендацыі. Аднак гэта не азначае, што ўсе яны будуць прынятыя. У прыватнасці, ўэб-камераў беларускім выбарцам чакаць не варта з-за іх дарагоўлі.

belsat.eu

Стужка навінаў