Аляксандр Алесін: WikiLeaks згуляў на карысць Лукашэнкі


Вайсковы аналітык мяркуе, што Масква прызнае выбары.

Афіцыйны Менск атрымаў перад выбарамі адразу некалькі козыраў. Выглядае на тое, што Расея, якая неаднойчы намінала на непрызнанне «элегантнай перамогі» Аляксандра Лукашэнкі, зменіць сваю пазіцыю.

Вайсковы аналітык Аляксандр Алесін перакананы, што для Расеі каштоўнасць Лукашэнкі як хаўрусніка падвысіў факт выкрыцця, учыненага сайтам Wikileaks. Стала вядома, што НАТО мае сакрэтны план абароны краінаў Балтыі: «Расейскае кіраўніцтва не ведае, што рабіць. Але зразумела, што выратаваць Калініград без Беларусі немагчыма. І цяпер Масква гатовая плаціць яму болей. Думаю, праз гэта яны прызнаюць яго легітымным прэзідэнтам».

Адразу некалькі козыраў у руках дзейнага прэзідэнта апынуліся, дзякуючы старшыняванню ў АДКБ, якое днямі прыняла Беларусь. Аляксандр Алесін падкрэслівае, што дзейнасць арганізацыі заснаваная на прынцыпе кансенсусу. І гэта, паводле эксперта, дае Лукашэнку магчымасць заблакаваць любое рашэнне, у якім зацікаўленая Расея, калі яна не падтрымае ягонай палітыкі.

Спадар Алесін зазначае, што, калі Лукашэнка адмовіцца выконваць свае абавязкі, спаслаўшыся на нелегітымнасць, дзейнасць арганізацыі будзе паралізаваная. А гэта не ў інтарэсах Расеі.

Паводле эксперта, ёсць і яшчэ адзін плюс для афіцыйнага Менску. Дзмітрый Мядзведзеў спрабуе зрабіць з АДКБ аналаг НАТО і атрымаць ад ААН права пасылаць міратворцаў у зоны канфліктаў, каб павысіць свой міжнародны аўтарытэт. Такую ж магчымасць можа атрымаць і Беларусь.

Стужка навінаў