Украіна збудуе новы саркафаг над ЧАЭС


Пачатак будаўніцтва запланаваны на 26 красавіка 2012 года, 26-ю гадавіну аварыі. Аб гэтым паведаміў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Кошт будаўніцтва новага саркафагу ацэньваецца прыкладна на 1 млрд еўраў, прычым доля Украіны складае толькі 6 % ад агульнай сумы. Генеральным падрадчыкам праекту вызначылі французскую кампанію “Novarka”. Арку, якая пакрые парушаны саркафаг, збяруць асобна, а пасля насунуць на існы саркафаг над чацвёртым блокам. Канструкцыя будзе важыць каля 20 тысяч тонаў і пакрые тэрыторыю, прыкладна роўную 4 футбольным палям.

Мантаж аркі мае завершыцца да сярэдзіны 2015 года, а за наступныя паўгода яе плануюць усталяваваць у праектнае становішча.

Прафесар, арганізатар руху “Навукоўцы за бяз’ядравую Беларусь” Георг Лепін скептычна ставіцца да дарагога праекту і не бачыць у ім неабходнасці. “Чацвёрты рэактар сёння не ўяўляе небяспекі. Выкіды радыеактыўных рэчываў, небяспечных для наваколля, ужо адбыліся, цяпер іх канцэнтрацыя ў самім рэактары неістотная. Гэта не толькі мая думка як навукоўца, які шэсць гадоў пасля аварыі працаваў на ЧАЭС. Напрыклад, летась нямецкі рэжысёр, правёўшы пэўны час у Чарнобылі, зняў кінастужку, якая падводзіць да двух высноваў. Радыяцыйных змяненняў зараз на рэактары няма, канцэнтрацыя радыенуклідаў не змяняецца, таму неабходнасці будаваць новы саркафаг няма. Па-другое, колькі Украіне грошы не дай, яны ўсё адно да справы не дойдуць, іх раскрадуць. Калі ён пачаў шукаць дакументы, якія б паказвалі, куды пайшлі сродкі, то здолеў адшукаць паперы толькі на 30 % ад сумы, якую далі краіны-донары. Прычым усе дакументальныя доказы тычыліся толькі паступлення грошай, высветліць, куды яны потым трапілі, аказалася даследніку не пад сілу”, – расказаў Георг Лепін.

Дзейны саркафаг будаваўся як часовы ўлетку 1986 года. Новы планавалі паставіць праз два-тры гады пасля аварыі.

belsat.eu

Стужка навінаў