Апытанне: спакайней стала жыць?


Як стала вядома сёння, асуджаных у справе тэракту ў менскім метро забілі 15 сакавіка, акурат на Дзень Канстытуцыі. У нашых папярэдніх апытаннях пераважная большасць рэспандэнтаў выказвалася за выкананне прысуду. Сёння “Белсат” запытаўся ў менчукоў, ці стала ім спакайней пасля расстрэлу Кавалёва і Канавалава.

“Я сам займаюся спортам, таму лічу, што ў стане за сябе пастаяць, таму лічу, што я ў бяспецы”, – упэўнены ў сваіх сілах малады чалавек.

“Я думаю, што гэтыя расстрэлы ніякім чынам не паўплываюць на здзяйсненне тэрактаў. Яны адбываюцца зусім з іншых матываў. Маё асабістае меркаванне: расстралялі гэтых асобаў незаслужана”, – кажа наступны апытаны.

“Я думаю, што нават такое пакаранне адных не спыняць таго, хто гэта задумаў”, – выказваецца жанчына.

“Думаю, што такіх дурняў ужо болей няма. А што расстралялі – гэта правільна. Не ведаю… Каб мой сын такое здзейсніў, я б не пашкадаваў яго”, – кажа чалавек сталага веку.

“Спадзяемся, што будзе ўсё спакойна, і пачувацца будзем спакайней, і не будзе ніякіх тэрактаў”, – кажа чарговая рэспандэнтка.

“Шмат хто лічыць, што няправільна зрабілі, што іх расстралялі. Але памерла шмат людзей. У мяне там знаёмы загінуў, і я магла б там быць. Чаму яны павінны былі за нашыя грошы далей жыць? Але мне падаецца, што ўсё можа паўтарыцца. Напачатку стаяла міліцыя спраўджвала, а зараз людзі надалей праходзяць з торбамі, і не глядзіць ніхто”, – кажа студэнтка.

“Я думаю, што пасля такога пакарання наступныя пабаяцца. Але ж гэта было штосьці кшталту выпадку. Не маглі нармальныя маладыя людзі столькі жыццяў загубіць… Гэта няправільна. Прынамсі, мы, і мае дзеці, і ўнукі ўпэўненыя, што яны пакараныя заслужана, прынамсі, мы ўсе былі “за”. Я думаю, што ёсць камеры назірання, якія за намі ўсімі назіраюць, таму мы спакойныя”, – кажа жанчына сталага веку.

belsat.eu

Стужка навінаў