Андрэй Саннікаў – 5 гадоў


Былы кандыдат на прэзідэнта, былы намеснік міністра замежных справаў Беларусі. Асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў падчас апазіцыйнай дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г.

Андрэй Саннікаў – каардынатар грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у сярэдзіне 1990-х быў прызначаны намеснікам міністра замежных справаў і займаўся пытаннямі раззбраення. У 1996 г. сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі.

Падчас мітынгу апазіцыі супраць фальсіфікацыі выбараў палітыка збілі міліцыянты. На наступны дзень яго арыштавалі разам з жонкаю – журналісткаю Ірынаю Халіп.

Напрыканцы студзеня 2012 г. Халіп паведаміла, што ейны муж пад ціскам катаванняў у лістападзе 2011 г. падпісаў просьбу аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Між тым у снежні таго ж года прэзідэнт Беларусі сцвярджаў, што вызваліць палітычных зняволеных толькі тады, калі тыя папросяць памілавання, аднак не выканаў свайго абяцання да сёння.

Андрэя Саннікава арыштавалі 20 снежня 2010 г. 14 траўня 2011 г. яго асудзілі да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Утрымліваецца ў калоніі № 3 у Віцебску.

Стужка навінаў