У Гомлі невядомыя напалі на пікет БРСМ, парваўшы партрэт Лукашэнкі


У Гомлі два невядомыя мужчыны напалі на ўдзельнікаў пікету, якія агітавалі за кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Пасля гэтага інцыдэнту пікет за дзейснага прэзідэнта будуць ахоўваць міліцыянты.

Як паведаміў БелаПАН мясцовы актывіст Юрый Захаранка, інцыдэнт адбыўся ў цэнтры гораду, каля ўнівермага “Гомель”, дзе ў адзін шэраг стаялі пікеты, якія агітавалі за дэмакратычных кандыдатаў Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева. Побач з імі пікет у падтрыманне Лукашэнкі арганізавалі сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

“Мужчына ва ўзросце, з выгляду нападпітку, прайшоў паўз нас і, ўбачыўшы партрэт Аляксандра Лукашэнкі, з якім стаялі два маладыя хлопцы, накіраваўся да іх, – паведаміў актывіст. – Спачатку ён проста плюнуў у бок актывістаў БРСМ, а потым, калі падышоў ягоны знаёмец, таксама з выгляду нападпітку, мужчына схапіў пластыкавы стэнд і перакуліў. З яго выпаў папяровы партрэт дзейснага прэзідэнта. Адзін з хуліганаў падняў яго і разарваў на часткі”.

“Мужчына рваў партрэт прэзідэнта са словамі: “Ён нам жыць перашкаджае”, – удакладнілі актывісты БРСМ.

Пікетчыкі выклікалі міліцыю, але нападнікам удалося ўцячы. Міліцыянты апыталі сябраў БРСМ і выклікалі патруль для сталага дзяжурства на месцы пікету ў падтрыманне Лукашэнкі, каб перадухіліць такія інцыдэнты.

Міліцыянты вядуць пошук зламыснікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў