Сяргей Філімонаў 76-ы Венецыянскі кінафестываль. Галоўнае

аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

У 2019-м Венецыянскі МКФ пачаўся з міні сенсацыі: таблоіды апублікавалі фатаграфію актора Брэда Піта з новай татуіроўкай на біцэпсе. Ён прыехаў на прэс-канферэнцыю ў саколцы з кароткім рукавом. Касмічны опус з яго ўдзелам «Да зорак» выйдзе ў беларускі пракат 23 верасня.

Брэд Піт у Венецыі. Photo by Daniele Venturelli/WireImage

Затым дырэктар фестывалю Альбэрта Барбэра і старшыня журы – аргентынская акторка і рэжысёрка Лукрэсія Мартэль – доўга і ўпарта даказвалі медыям, што «справа Рамана Паланскі», які разбэшчваў калісьці ў Амерыцы 13-гадовую дзяўчынку, не актуальная. Сама «пацярпелая» даўно не мае прэтэнзіі. Таму нічога не перашкаджае паказаць новы фільм польскага кінакласіка «Афіцэр і шпіён» у конкурснай праграме. У фільме Паланскага разбіраюць «справу Дрэйфуса», французскага ваеннага габрэя, абвінавачанага ў шпіянажы на карысць Германіі ў канцы 19 стагоддзя. Галоўны герой (Жан Дзюжардэн) дапамагае абвінавачанаму апраўдацца. Гэты фільм быў узнагароджаны Гран Пры Журы.

Колькасць і якасць знакамітасцяў на чырвоных дыванах 76-га Венецыянскага фестывалю не мела роўных. Кожны дзень тут здаралася падзея або прэмʼера з удзелам зорак глабальнага ўзроўню. На адкрыцці ззялі Катрын Дэнёў і Жульет Бінош. Джоні Дэп, Крыстэн Стʼюарт, Роберт Патынсан, Скарлет Ёхансан, Пенелопа Крус, Эдам Драйвер, Джуд Лоў прыехалі сюды са сваймі прэмʼерамі.

Джулія Эндрус. Foto Getty images

Адмысловым «Залатым ільвом» «за карʼеру» узнагародзілі іспанскага рэжысёра Пэдра Альмадовара і зорку музычнага кіно Джулію Эндрус. Эндрус падкрэсліла на цырымоніі ўручэння, што «Венецыя – цяпер адзіны фестываль кіно ў свеце, які застаецца верным прынцыпам майстэрства кіно, а не летуценнай модзе». У гэты вечар гасцям фестывалю паказалі адноўленую камедыю з удзелам Джуліі Эндрус «Віктар – Вікторыя». Тым з нашых чытачоў, якія не бачылі гэтай класікі, шчыра раім звярнуць увагу і паглядзець.

Лепшым рэжысёрам назвалі шведа Роя Андэрсана. За фільм «Пра бясконцасць» з эклектычным наборам падзей для героя – ад здрады жонкі, да школьных крыўдаў і спробаў зразумець Гітлера.

Лепшым акторам быў названы Лука Марынеллі за ролю ў фільме «Марцін Ідэн». Гэта вольная экранізацыя біяграфіі пісьменніка Джэка Лондана. На экране пачатак 20 стагоддзя спакойна суседнічае з яго сярэдзінай, што змешваецца ў адзін фантазійны малюнак. Цікава.

Лука Марынэллі. Foto My-hit.org

Званне «найлепшая актрыса» атрымала Арыян Аскарыд, 64-гадовая жонка рэжысёра Рабэра Гедзігяна за жаночую ролю ў фільме «Малітва ў імя Бога». Гэта гісторыя пра жыццё ў бедных кварталах на поўдні Францыі. Аб састарэлым пакаленні канца 60-х.

Арыян Аскарыд

Прыз за сцэнар атрымала кітайская анімацыя «Хата нумар 7 па Чэры Лэйн». Яна распавядае пра падзеі ў Ганконгу ў 1967 г. У сюжэце – марксісты, мааісты, эротыка, вычварэнства, барацьба ідэалогіяў. Напэўна, гэта модна?

Асаблівую цікавасць выклікае фільм «Пральня» рэжысёра Стывена Содэрберга. У ім занятыя Мэрыл Стрып, Гэры Олдмэн і Антоніё Бандэрас. А сюжэт прысвечаны таму, як дзеячы розных краін адмываюць грошы ў афшорах. У тым ліку расейскія – Дзмітрый Пяскоў і дырыжор Марыінскага тэатру Сяргей Ралдугін.

Музычныя монстры таксама гасцявалі на фестывалі – Роджэр Уотэрс (экс лідар гурта «Пінк Флойд») прадставіў свой новы дакументальны фільм, а Мік Джэгер (лідар гурта «Ролінг Стоўнз») мастацкі фільм «Жаўтлява-чырвоная ерась» са сваім удзелам. У гэтым фільме гаворка ідзе пра выкраданне карціны ў мастака-пустэльніка.

Мік Джэгер на фестывалі. Foto subrayado.com

Міністр культуры Расеі Мядзінскі нядаўна назваў «дэбіламі» усіх, хто чытае коміксы. У фільме рэжысёра Тода Філіпса, які зняты паводле папулярнага коміксу «Джокер», людзі пратэставалі на вуліцах з плакатамі «Мы – ня штукары». Гэта значыць, не дэбілы. Менавіта гэта стужка атрымала галоўны прыз фестывалю «Залаты леў». Ролю Джокера там выканаў Хаакін Фенікс. Па словах актора, ён «на працягу некалькіх тыдняў вучыўся смяяцца асаблівым чынам. І спрабаваў стварыць вобраз героя, якому ні адзін псіхіятр не зможа паставіць дыягназ».

Хаакін Фенікс у ролі Джокера.

Фільм пераможца конкурсу Венецыянскага кінафестывалю выйдзе ў беларускі пракат 3 кастрычніка.

  • Венецыянскі кінафестываль – гэта першы міжнародны кінафестываль у свеце. Яго зарганізавалі ў 1932 годзе. Падчас другой сусветнай вайны і ў 70-я гады 20 стагоддзя здараліся перапынкі ў правядзенні Венецыянскага фестывалю, але на працягу апошніх 40 гадоў ён аднавіў свой імідж і, больш за тое, стаў галоўным кінафорумам у свеце, дзе ўшаноўваюць, паводле назіральнікаў, перш за ўсё «арт», ці «мастацтва кіно».

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары