75-ты дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Пратэсты



У цэнтры Менску 22 кастрычніка прайшла акцыя пратэсту людзей з інваліднасцю. Больш за сотню дэманстрантаў (некаторыя з бел-чырвона-белымі сцягамі) сабраліся на плошчы Незалежнасці і рушылі шэсцем па праспекце. Каля будынкаў КДБ удзельнікі маршу скандавалі «Выпускай», «Свабоду палітвязням», «Трыбунал», а каля МУС – «Караева пад суд». Акцыя прайшла без затрыманняў.



Марш людзей з інваліднасцю ў Менску
Марш людзей з інваліднасцю ў Менску, 22 кастрычніка. Фота – belsat.eu




Працягваліся і студэнцкія пратэсты. Студэнты МДЛУ, БДАМ, БДУІР, а таксама ФФСН і ФПМІ БДУ зладзілі сёння сядзячыя акцыі пратэсту. Некаторыя пры гэтым спявалі.







Адбылася і сімвалічная акцыя «Я гуляю»: каля двух дзясяткаў дзяўчат з бел-чырвона-белымі парасонамі прайшлі ад станцыі метро «Грушаўка» да Нямігі.







Увечары таксама прайшлі традыцыйныя сходы грамадзянаў у сваіх мікрараёнах.

Палітычныя рэпрэсіі

МУС кажа пра тэрарыстычную пагрозу



Учора ўвечары ў Салігорску невядомыя падпалілі чатыры аўтамабілі на паркоўцы салігорскай пракуратуры, а таксама будынак міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз (у выніку быў пашкоджаны адзін з кабінетаў). Паводле звестак МУС, крыніца агню была занесена звонку праз прыадчыненае акно, а на будынку знойдзена надпіс чорнага колеру «ГоловаТЫ NEXT».

«У апошні час радыкальны пратэст пачынае пераходзіць у тэрарыстычны акт», – заявіў у сувязі з гэтым начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Менаблвыканкаму Аляксандр Копішаў.

Апазіцыя атрымала прэмію Сахарава



Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала. Фота з сацсетак




Лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Сахарава сёлета – дэмакратычная апазіцыя Беларусі «прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці».



Персанальна гаворка ідзе пра 10 асобаў: Святлану Ціханоўскую, Святлану Алексіевіч, Марыю Калеснікаву, Вольгу Кавалькову, Вераніку Цапкалу, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Бяляцкага, Сяргея Дылеўскага, Сцяпана Пуцілу і Мікалая Статкевіча.



Афіцыйнае ўручэнне прэміі адбудзецца 16 снежня ў Страсбуры.

Візіт Нарышкіна



22 кастрычніка Менск наведаў дырэктар Службы знешняй выведкі Сяргей Нарышкін. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама кіраўніком КДБ Іванам Церцелем і сакратаром Савету Бяспекі Валерыем Вакульчыкам. Адбылося гэта за тры дні да завяршэння тэрміну народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай.

«Не сакрэт, наша сустрэча зробіць у сапраўдны момант нейкі адпаведны выбух у СМІ, асабліва ў Інтэрнэце. Ды мы і не ўтойваем, абстаноўка вакол нас няпростая, я маю на ўвазе Саюзнай дзяржавы. Дзякуй вам за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даводзіце да нашых спецслужбаў і да мяне ў тым ліку», – сказаў Лукашэнка Нарышкіну.



Аднак ніякіх сенсацыйных заяваў па выніку сустрэчы не было зроблена. Нарышкін распавёў СМІ, што на перамовах ішла размова пра «канцэнтрацыю намаганняў на пытаннях бяспекі», а таксама ў чарговы раз заявіў, што на сітуацыю ў Беларусі нібыта спрабуюць уплываць вонкавыя сілы.

«Мы бачым імкненне неканстытуцыйнымі метадамі змяніць дзейны дзяржаўны лад», – сказаў ён.



ІІ belsat.eu

Стужка навінаў