Чыноўнікаў прымусяць працаваць он-лайн


Адзіны партал дзяржаўных паслугаў мусіць пачаць працу да канца года.

Пры дапамозе парталу можна будзе он-лайн запісацца на прыём да чыноўніка або атрымаць адказ на сваё пытанне. Новы праект створаны для таго, каб насельніцтва і прадстаўнікі бізнесу маглі атрымліваць поўную і аператыўную інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

Аднак сістэма пытанне–адказ он-лайн у межах праекту “электронны ўрад” існуе ў беларускіх установах не першы дзень. І ў большасці выпадкаў дзейнічае са спазненнем у некалькі тыдняў. Пра гэта гавораць вынікі маніторынгу, які правёў партал marketing.by. Ён сведчыць пра тое, што камп’ютарная пісьменнасць большасці чыноўнікаў знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні.

“Стужку навінаў чыноўнікі перадрукоўваюць з інфармацыйных агенцтваў, нават калі падзеі датычаць іх установы. Дакументы з’яўляюцца на сайце праз месяц пасля прыняцця, таму чалавеку прасцей прыйсці ў кабінет да чыноўніка па тлумачэнне”.

Тым часам міністр сувязі ды інфарматызацыі Мікалай Панцялей заяўляе, што Беларусь лідаруе ў свеце паводле рэгістрацыі юрыдычных асобаў, што адбываецца дзякуючы стварэнню электроннага ўраду.

“Рэалізацыя праекту ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў пры рэгістрацыі юрыдычных асобаў дазволіла скараціць гэты працэс з месяца да 5 дзён. За такі тэрмін юрыдычныя асобы атрымліваюць поўны пакет дакументаў, у тым ліку з рэгістрацыяй у падатковай інспекцыі ды адкрыццём рахунку ў банку”, – заявіў чыноўнік.

belsat.eu

Стужка навінаў