МЗС: У дачыненні Беларусі тактыка запалохвання не працуе


У Брусэлі і сталіцах краінаў Еўразвязу не павінны забываць, што ў дачыненні Беларусі тактыка запалохвання не працуе. Такую заяву зрабіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных 29 лютага на брыфінгу ў Менску.

«Нервовая рэакцыя Еўразвязу на прапанову Беларусі аб правядзенні раўнду кансультацыяў паслоў штаб-кватэры ЕЗ і Польшчы ў іх сталіцах сведчыць толькі пра адно – пра выбар Брусэлем шляху эскалацыі напружання. Гэта шлях у тупік. У Бруселі і сталіцах дзяржаваў Еўразвязу не павінны забываць, што ў прымяненні да Беларусі тактыка запалохвання не працуе», – заявіў Савіных.

Паводле яго, на аднабаковых умовах сілавога ціску нармалізацыя адносінаў не магчымая. «Канструктыўны вынік дасць толькі годны ўзаемапаважлівы дыялог на ўзаемапрымальнай аснове. Спадзяемся, што нашыя партнёры гэта зразумеюць», – падкрэсліў прэс-сакратар.

Афіцыйны Менск рэкамендаваў названым вышэй дыпламатам «выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку пра непрымальнасць ціску і санкцыяў». У сваю чаргу беларускіх амбасадараў у Польшчы і пры Еўразвязе таксама адклікалі на радзіму для кансультацыяў. Такім чынам Беларусь адрэагавала на рашэнне Рады ЕЗ ад 27 лютага пашырыць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча.

belsat.eu

Стужка навінаў