Консульскія аддзелы амбасадаў краінаў ЕЗ працуюць у звычайным рэжыме


Ці скароцяць консульскія аддзелы бліжэйшым часам, пакуль не вядома.

Амбасадары краінаў ЕЗ у Беларусі вырашылі пакінуць нашу дзяржаву на знак салідарнасці. Нагадаем, што ўчора Міністэрства замежных справаў Беларусі запатрабавала, каб кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Муора і амбасадар Польшчы Лешэк Шэрэпка выехалі ў свае сталіцы для кансультацыяў, «каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку наконт непрымальнасці ціску і санкцыяў». Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных у адказ на рашэнне Рады ЕЗ пра пашырэнне чорнага спісу беларускіх чыноўнікаў.

На сённяшні момант консульскія аддзелы краінаў ЕЗ працуюць у звычайным рэжыме. Гэта пацвердзілі ў амбасадах Нямеччыны, Балгарыі, Эстоніі, Чэхіі, Швецыі ды Польшчы. Першы сакратар амбасады Польшчы Павэл Марчук не каментуе ад’езду Лешэка Шэрэпкі, аднак адзначае, што гэта не адаб’ецца на працы консульскіх аддзелаў у Менску, Горадні і Берасці: «Консульствы працуюць у звычайным рэжыме, мы прымаем дакументы на візы, як і раней».

На думку Пятра Садоўскага, былога амбасадара Беларусі ў Нямеччыне (1992–1994 гг.), цяпер паўтараецца сітуацыя з высяленнем дыпламатаў з Драздоў у 1998 г. і высылкаю дыпламатаў амбасады ЗША ў 2008 г.: «Калі скароцяць супрацоўнікаў консульскіх аддзелаў, складанасці ўзнікнуць найперш у звычайных грамадзянаў, якім спатрэбіцца віза».

Аднак рашэння ў гэтым пытанні пакуль не прымалася. Скарачэнне штату ў консульскіх аддзелах працаўнікі амбасадаў не каментуюць.

Нагадаем, што пасля скандалу з амерыканскімі дыпламатамі амбасада ЗША ў Беларусі спыніла выдачу візаў. Каб атрымаць візу, беларусы мусяць звяртацца ў амбасады ў Маскве, Кіеве, Вільні або Варшаве.

belsat.eu

Стужка навінаў