Еўрапейскія амбасадары пакінуць Менск (абноўлена)


Краіны Еўразвязу на знак салідарнасці адклікаюць сваіх амбасадараў з Менску. Пра гэта паведамляе польская інфармацыйная агенцыя РАР са спасылкаю на кіраўнічку дыпламатыі ЕЗ Кэтрын Эштан. Такое рашэнне было прынятае ў адказ на прапанову афіцыйнага Менску адклікаць амбасадара Польшчы ў Варшаву.

У Брусэлі адбыліся тэрміновыя кансультацыі амбасадараў краінаў ЕЗ з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. ЕЗ абмяркоўвае крокі ў адказ на рашэнне Менска. Нямеччына ўжо адклікала свайго амбасадара з Беларусі для кансультацыяў. “Гэты крок супраць Польшчы, крок супраць Еўразвяза, раўнасільны кроку супраць нас, немцаў”, – так пракаментаваў рашэнне Менска кіраўнік германскага МЗС Гіда Вэстэрвеле. На яго думку, усім астатнім краінам ЕЗ таксама варта адклікаць сваіх прадстаўнікоў з Менска для кансультацыяў.

Афіцыйны Менск 28 лютага прапанаваў кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Мора і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый”. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у адказ на прынятае напярэдадні рашэнне Савета ЕЗ папоўніць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.

МЗС Польшчы назваў рашэньне ўладаў Беларусі “недружалюбным крокам па адносінах да ўсіх краінаў ЕЗ”. Еўразвяз зробіць крок у адказ, заяўляе польскі МЗС.

Брусэльскае выданне EuObserver піша, што, калі еўрапейскія паслы не будуць адкліканыя, Менск можа выслаць іх, як гэта адбылося з амбасадарам ЗША ў 2008 г.

Выданне таксама прыводзіць словы еўракамісара па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфана Фюле, які заявіў, што гэты дыпламатычны скандал адцягвае ўвагу грамадскасці ад галоўнага пытання – як садзейнічаць вызваленню беларускіх палітвязняў.

belsat.eu

Стужка навінаў