Да цэнтралізаванага тэставання дададуць тэст на наркотыкі


Сёлета тэст у абавязковым парадку пройдуць 2–2,5 тысячы старшакласнікаў, навучэнцаў ПТВ і студэнтаў малодшых курсаў. Ён дапаможа медыкам выявіць моладзь, якая мае схільнасць да спажывання наркатычных рэчываў, паведаміў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Асіпчык.

Удзельнікаў спецыялізаванага тэставання будуць вызначаць у выпадковым парадку. Асноваю для даследавання стане сучасная еўрапейская методыка ацэнкі наркаспажывання. Маладзёнам неабходна будзе адказаць на пытанні анкеты, аналіз якіх дазволіць выявіць групы рызыкі. Тым, хто ў яе трапіць, прапануюць прайсці медычнае абследаванне. Калі эксперымент атрымаецца, то даследаванні могуць стаць сталымі.

На меркаванне старшыні баранавіцкай арганізацыі “Маці супраць наркотыкаў” Святланы Сідарэнкі, новаўвядзенне Міністэрства здароўя мусіць даць станоўчы вынік і дапамагчы бацькам своечасова звярнуць на сваё дзіця пільную ўвагу. “Адна з прычынаў, якая падштурхоўвае моладзь да наркотыкаў, – праблемы ў сям’і. Дзіця трапляе ў складаную сітуацыю і спрабуе такім спосабам пазбавіцца ад сумных думак. Вынік тэсту можа стаць трывожным сігналам, сур’ёзная размова бацькоў з падлеткам можа перадухіліць ягонае жаданне пакаштаваць атруту”, – заўважыла Святлана Сідарэнка.

Яна лічыць, што ў Беларусі неабходна больш увагі надаваць прафілактыцы наркотыкаў, вучыць бацькоў, як аберагчы сваё дзіця ад залежнасці. Згодна з апытаннямі беларускіх нарколагаў, часцей за ўсё моладзь спрабуе наркотыкі праз цікаўнасць, пад уплывам сяброў ці ад жадання падняць сабе настрой. Больш за 90 % апытаных ніколі не спрабавалі наркотыкаў, але 6 % маюць наркаманаў сярод сваіх блізкіх знаёмых, 13 % траплялі ў кампаніі, дзе спажываюць наркотыкі.

Паводле статыстыкі Міністэрства здароўя ў краіне налічваецца больш за 4,5 тысячы нарказалежных, 9 тысяч людзей спажываюць наркотыкі перыядычна. Але некаторыя даследаванні даюць падставы меркаваць, што рэальная колькасць нарказалежных складае каля 70 тысячаў чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў