Пасажырскія цягнікі ва Украіну не будуць спыняцца на мяжы


Мытны кантроль перанясуць з мяжы на станцыі прыбыцця і адпраўлення. Перамовы ў гэтым пытанні правялі кіраўнікі мытных службаў Беларусі і Украіны.

Аналагічная схема ўжо год працуе ў дачыненні фірмовых цягнікоў на кірунку Кіеў–Масква і Харкаў–Масква на расейска-ўкраінскай мяжы. Новаўвядзенне прадугледжвае, што ўсе мытныя фармальнасці праводзяцца не на мытным пункце кантролю, а на станцыі адпраўлення/прыбыцця.

Пакуль жа цягнікі, згодна з нормамі, спыняюцца на мяжы на 20–35 хвілінаў для ажыццяўлення памежна-мытнага кантролю. На большасці маршрутаў прыпынкі адбываюцца ўначы, што вымушае органы кантролю будзіць пасажыраў.

«Мы добра разумеем, што ажыццяўленне памежна-мытнага кантролю на мяжы дастаўляе шмат нязручнасцяў пасажырам, але ў Беларусі пакуль няма распрацаванай сістэмы, каб пазбегчы лішніх турботаў падчас перасячэння мяжы, – адзначылі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэту. – Спадзяемся, што досвед украінскіх мытнікаў дапаможа аптымізаваць супольную працу беларускіх памежных і мытных службаў».

У прэс-службах памежнага і мытнага камітэтаў выразілі надзею, што новаўвядзенне дазволіць скараціць час у дарозе, але дакладных інструкцыяў пра новы парадак перасячэння мяжы пакуль няма. Магчыма, змены закрануць толькі фірмовыя пасажырскія цягнікі.

belsat.eu

Стужка навінаў