Апытанне: Ці нагадвае галасаванне на «Еўрафэсце» выбары?


Карэспандэнты «Белсату» запыталі менчукоў, што яны думаюць пра галасаванне на «Еўрафэсце» і ці не нагадвае ім тое, што здарылася, прэзідэнцкія выбары?

Большасць апытаных не хавала сваёй пазіцыі, але ўсё ж імкнулася да нейтральных выказванняў. Прагучалі, аднак, і рэзкія словы на адрас арганізатараў прэзідэнцкіх выбараў.

«Мы жывем у Беларусі, і гэта ўсё тлумачыць», – лаканічна выказалася дзяўчына. Наступны рэспандэнт зазначыў, што звяртаць увагу на меркаванне простых людзей начальнікі розных рангаў у Беларусі не звыклі: «Людзі галасуюць, а тут… Можа, ён сам для сябе проста вырашыў, калі захацеў, таму і выбраў».

Адна з апытаных сказала, што калі б яна перамагла на «Еўрафэсце», а вынік абвесцілі іншы, яна б засталася незадаволеная. Ці традыцыя для беларусаў – празрыстае галасаванне? «Я нашым выбарам, шчыра кажучы, не давяраю. Гаварылі адно, а насамрэч, я думаю, было зусім іншае, і падлік быў іншы. Мы вось у інтэрнэце глядзелі… Таму я не давяраю, не веру ў тое, што сапраўды перамог Лукашэнка».

Наступная апытаная пачала разважаць у больш глабальным маштабе: «Думаю, такое [галасаванне на «Еўрафэсце»] можа адбыцца дзе захочаш […] фальсіфікацыі ў тым ліку. Але я нідзе не сустракала, каб такая рэакцыя была прэзідэнта менавіта на выбары ўдзельніка «Еўрабачання».

«Гэта культурная ўсё ж імпрэза, палітыка ніякім чынам не можа ўмешвацца. Мы з Расеі, паглядзіце апошнія падзеі, у нас аналагічная сітуацыя», – падзялілася маладая пара, якая прыехала ў Менск.

«Мне падаецца, усе такія конкурсы завязаныя на палітыцы, таму складана рабіць аб’ектыўныя высновы, – заявіў малады чалавек. – Прэзідэнцкія выбары – гэта ўвогуле асобная тэма, я ўстрымліваюся ад выказванняў на гэты конт».

belsat.eu

Стужка навінаў