Замежныя фрыстайлісты раскрытыкавалі Раўбічы


Беларусы засталіся без прызавых месцаў на дамашнім этапе Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які прайшоў 25 лютага ў Раўбічах. У мужчынскіх спаборніцтвах перамог украінец, у жаночых – кітаянка.

Першае месца заняў украінец Станіслаў Краўчук (117,92), другое – яшчэ адзін прадстаўнік Украіны, Аляксандр Абраменка (102,87), следам размясціліся швейцарац Томас Лямбэрт (Thomas Lambert, 99,99) і лідар агульнага заліку Кубка свету канадзец АлівіЕ РашОн (Oliver Rochon, 96,65).

У спаборніцтвах мужчынаў тры прадстаўнікі беларускай зборнай змаглі пераадолець кваліфікацыю: дэбютант Кубка свету 17-гадовы Станіслаў Гладчанка, Дзяніс Восіпаў і двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Дзмітрый Дашчынскі, які паказаў у кваліфікацыі найлепшы вынік сярод усіх удзельнікаў.

У фінале ж Дашчынскі заняў толькі 9-е месца (90,71 бала), Восіпаў – 6-е (105,62), Гладчанка – 11-е (80,79). Такім чынам, ніхто з беларусаў не прабіўся ў суперфінальную чацвёрку, якая і пазмагалася за медалі.

Яшчэ тры беларусы завершылі выступ у кваліфікацыі. 18-гадовы Дзмітрый Глушакоў заняў 16-е месца (72,13), Антон Кушнір, уладальнік Крыштальнага глобуса–2010, які выступаў з траўмаю калена, стаў 17-м (71,39), срэбны прызёр папярэдняга этапу Кубка свету ў аўстрыйскім КрАйшбэргу (Kreischberg) Максім Гусцік стаў толькі 19-м (66,38) сярод 24 удзельнікаў.

У жаночых спаборніцтвах найлепшаю сярод беларусак стала Ганна Гуськова, якой крыху не хапіла для выхаду ў суперфінальны квартэт. У фінале яна заняла 5-е месца (76,38 бала). 15-гадовая дэбютантка Кубка свету Аляксандра Раманоўская ў фінале стала 9-й (67,60)

У суперфінале перамогу атрымала кітаянка Ян Ю (80,62), другою стала Таня Шаэрэр (Tanja Schaerer) са Швейцарыі (78,01), трэцяй – кітаянка Сінь Чжан Сінь (Zhang Xin, 75,12). У этапе Кубка свету ў Раўбічах узялі ўдзел 40 лыжных акрабатаў (24 мужчыны і 16 жанчын) з дзевяці краінаў.

Пры гэтым пераможцы абодвух спаборніцтваў паехалі дадому незадаволеныя. Станіслаў Краўчук раскрытыкаваў цяперашні фармат правядзення: “Формула несправядлівая, пункты за скачкі не сумуюцца. Гэта другі этап запар, калі з падзеннем людзі падымаюцца на п’едэстал. Раней такое было проста немагчыма”, – сказаў ён на прэс-канферэнцыі. Ян Ю, у сваю чаргу, прызналася, што ёй не спадабалася меню: “Мы прызвычаіліся да іншай ежы, таму гэтая ежа была нейкая дзіўная для нас”.

belsat.eu

Стужка навінаў