Аляксандр Лукашэнка: Краіны вы не атрымаеце


“Краіны вы не атрымаеце”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да сваіх палітычных апанентаў з трыбуны Усебеларускага народнага сходу, паведамляе БелаПАН.

“На плошчу вы выйдзеце, яшчэ кудысьці… Краіны вы не атрымаеце. Мы не дадзім вам яе разарваць, яна нам вельмі дорага каштавала”, – падкрэсліў прэзідэнт. Лукашэнка заявіў, што не адказваў і не мае намеру адказваць на крытыку з боку сваіх апанентаў. “Я і не столькі трываў, патрываю крытыку яшчэ два тыдні”, – сказаў ён.

“Той, хто марыць пра рэвалюцыю, мусіць супакоіцца. Мы ліміт рэвалюцыі вычарпалі ў мінулым стагоддзі”, – папярэдзіў прэзідэнт. Пры гэтым Лукашэнка зазначыў: “Мы не збіраемся асляпляць людзей феерверкам вар’яцкіх ідэяў і невыканальных абяцанняў. Наша мэта рэальная, зямная – каб заўтра беларускі народ жыў крыху лепш, чым сёння”.

Варта зазначыць, што Лукашэнка – адзіны кандыдат на прэзідэнцтва, які бярэ ўдзел у працы Усебеларускага народнага сходу. Спробы трапіць на сход кандыдата Уладзіміра Някляева былі беспаспяховыя, нягледзячы на тое, што ў падтрыманне ягонага вылучэння дэлегатам актывісты сабралі некалькі дзясяткаў тысяч подпісаў.

Някляеў расцаніў гэта як парушэнне выбарчага заканадаўства, згодна з якім кандыдатам мусяць давацца роўныя ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі. Сёння вечарам ён і яшчэ адзін кандыдат на прэзідэнта, Андрэй Саннікаў, маюць намер правесці з выбарнікамі сустрэчу, альтэрнатыўную Усебеларускаму народнаму сходу. Яна мае адбыцца каля ўваходу ў менскі чыгуначны вакзал, пачатак а 18.00.

belsat.eu

Стужка навінаў