72-і дзень пратэстаў. Содні для журналістаў, Марш мудрасці, вызваленні чарговых палітвязняў

Акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца ўжо 72-і дзень. Беларусы не згодныя з фальсіфікацыямі на выбарах прэзідэнта, патрабуюць сыходу Лукашэнкі, спыненне гвалту і правядзенне новых выбараў. Чым адметны пратэстны панядзелак – у падсумаванні дня ад Belsat.eu.

Маршы – незалежны і праўладны

Два маршы пенсіянераў прайшлі сёння па адным праспекце, пачаўшыся на плошчы Незалежнасці.

Марш мудрасці, 19 кастрычніка. Фота: ТК / «Белсат»
Марш мудрасці, 19 кастрычніка. Фота: ТК / «Белсат»

Марш пенсіянераў супраць гвалту сілавікоў і за адстаўку Лукашэнкі праходзіць ужо трэці панядзелак запар. Першы раз сталыя людзі выйшлі 5-га кастрычніка, каб падтрымаць студэнтаў, сённяшняя акцыя мела назву Марш мудрасці, на яе выйшлі больш за 2000 чалавек.

Марш мудрасці і акцыя прыхільнікаў Лукашэнкі

На праўладны марш людзей зноў звозілі з розных рэгіёнаў. Калоны транспарту і аўтобусы, з якіх выгружалі чырвона-зялёныя сцягі, заўважылі ў розных месцах сталіцы. Праўладны марш скончыўся на плошчы Перамогі. Адзін з удзельнікаў Маршу мудрасці акрэсліў удзельнікаў маршу за Лукашэнку «кучкай блох».

Содні і штрафы для журналістаў

Суды працягваюць раздаваць затрыманым на акцыях максімальныя тэрміны арышту. Праваабаронцам вядома пра затрыманні мінімум 19 чалавек сёння па ўсёй Беларусі.

Журналісту «Белсату» Алесю Любянчуку далі 15 содняў за «непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні». Яго затрымалі падчас нядзельнага маршу 18 кастрычніка.

Алесь Любянчук. Фота: Facebook

Максімальныя тэрміны адміністратыўнага арышту, 15 содняў, атрымалі працаўнік газеты «Беларусы і рынак» Арцём Маёраў, фатограф TUT.BY і БелаПАН Вадзім Заміроўскі і журналіст БелаПАН Усевалад Зарубін. Карэспандэнтку Onliner.by Дар’ю Спевак суд пакараў 13 соднямі арышту. Усе журналісты выконвалі заданні рэдакцыі і асвятлялі акцыю пратэсту студэнтаў 17 кастрычніка.

Карэспандэнтку Onliner.by, журналістаў «Белсату», «Беларусы і рынак», БелаПАНу і фатографа TUT.by пакаралі соднямі

Журналіст гомельскіх «Сильных новостей» Дзяніс Якштас пасля 15 содняў арышту атрымаў яшчэ 20 базавых штрафу, але выйшаў на волю.

Чарговыя вызваленні палітвязняў

З СІЗА КДБ вызвалілі палітзняволеную Лілію Уласаву і Віталя Шклярава. Вядомай юрыстцы і паліттэхнолагу замянілі захаду стрымання на хатні арышт.

Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, вядомая юрыстка і міжнародная медыятарка Лілія Уласава была затрыманая 31 жніўня працаўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК. Супраць Ліліі Уласавай была распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад падаткаабкладання»).

Паліттэхнолага Віталя Шклярава затрымалі ў Гомлі 29 ліпеня і вінавацілі паводле ч.1 артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Такім чынам, з моманту візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ захаду стрымання змянілі ўжо для сямі палітвязняў.

Хатні арышт замест палітычнага дыялогу

Новыя звесткі аб COVID-19 у Беларусі: больш за 88 тысячаў хворых

За апошнія содні колькасць хворых на каронавірусную інфекцыю ў Беларусі дасягнула 88 290 чалавек. За час распаўсюду COVID-19 зарэгістраваныя 933 смерці.

На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце загінуў мінімум адзін чалавек

За год гэта ўжо другая ахвяра на прадпрыемстве. Лакалізавалі пажар апоўдні. Згодна з папярэднімі звесткамі, загінуў 40-гадовы зваршчык падраднай арганізацыі «Белсантэхмантаж» Аляксандр Русіновіч.

«Кіраўніцтва заводу спрабуе спіхнуць віну на работніка, які загінуў»: на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся пажар

Збіты міліцыянтамі ўласнік крамы кветак паразмаўляў з «Белсатам»

Уладальнік кветкавай крамы «Первый цветной» Максім Харошын распавёў belsat.eu падрабязнасці збіцця: тры разы губляў прытомнасць, а сілавікі абвінавачвалі яго ў тым, што ён нібыта кідаў гранаты.

«Нанеслі тры ўдары ў твар, у мяне адразу заплыў вачэй так, што я нічога не бачыў і мяне паклалі на асфальт у маю ж лужыну крыві»

Цяпер Максім з сям’ёй на рэабілітацыі ў Літве, але нягледзячы на ўсё плануе вярнуцца ў Беларусь.

Ад 20 кастрычніка ў Беларусі даражэе паліва

Ад 20 кастрычніка кошт складзе:

  • АІ-92-К5-Еўра – 1,69 руб.
  • АІ-95-К5-Еўра – 1,79 руб.
  • АІ-98-К5-Еўра – 2,01 руб.
  • ДП – 1,79 руб.

belsat.eu

Hавiны