Мікалай Статкевіч абвешчаны лаўрэатам прэміі імя Юрыя Захаранкі


Кіраўніца Цэнтру правоў чалавека Раіса Міхайлоўская зачытала ўрывак з выступу Юрыя Захаранкі. У 1996 г. у віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны Захаранка, у той час кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў, сказаў калегам: “Я падымаю келіх за тое, каб вам ніколі не даводзілася збіваць тых, хто хоча быць чалавекам ва ўласнай краіне, аддаваць чэсць таму, хто яе не мае, фальсіфікаваць справы на тых, кім мусім ганарыцца”.

Як адзначыла Міхайлоўская, удзельнікі камісіі адзінагалосна вырашылі, што прэмія “З адкрытым забралам” мае быць прысуджаная Мікалаю Статкевічу. “Гэты чалавек паказаў сілу, мэтанакіраванасць, мужнасць і трываласць. Ён не толькі палітвязень. У 1992 г. ён быў ініцыятарам прысягі вайскоўцаў на вернасць Беларусі пад бел-чырвона-белым сцягам. З таго часу ўсе вайскоўцы прымаюць прысягу на вернасць не Савецкаму Саюзу, а Рэспубліцы Беларусь”, – нагадала яна.

Дыплом аб узнагароджанні Статкевіча прэміяй атрымала жонка палітыка Марына Адамовіч. Уручаў дыплом леташні лаўрэат Уладзімір Някляеў. “Калі б цяпер былі рыцарскія часы, то безумоўна на гербе Мікалая Статкевіча быў бы дэвіз: “Рыцар без страху і папроку”, – сказаў Някляеў. Ён адзначыў, што даслаў у турму, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, свой новы зборнік паэзіі, аднак той вярнуўся з пазнакаю цэнзара, што там змешчаныя “антыдзяржаўныя вершы”. Някляеў паведаміў, што Статкевіча павіншаваў кароткім вершам Рыгор Барадулін.

Паводле Марыны Адамовіч, Статкевіча трымаюць у Магілёўскай турме. Яму дазволеныя шпацыры толькі ў суправаджэнні ахоўніка з сабакам. “Аднак Мікалай гуляе з сабакамі, а ён заўсёды любіў сабак”, – сказала яна. Статкевіч сядзіць у камеры на двух чалавек, адзначыла жонка палітыка.

Прэмія імя Юрыя Захаранкі “З адкрытым забралам” уручаецца праваабаронцамі ды аргкамітэтам стварэння руху ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане “Абаронцы Айчыны”. У розныя гады яе лаўрэатамі былі палітык і генерал Валерый Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі, журналіст Аляксандр Тамковіч, экс-кандыдат на прэзідэнта і паэт Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў