Ільготы пры паступленні ва ўніверсітэт пакідаюць


Міністэрства адукацыі вырашыла адкласці рэформы.

На рашэнне адмысловай камісіі пры Міністэрстве адукацыі, зменаў ва ўступнай кампаніі ў 2012 г. не будзе. Нагадаем, што папярэдне чыноўнікі абяцалі скасаваць асобны конкурс паміж гарадскімі ды вясковымі выпускнікамі, а таксама пазбавіць ільготаў на паступленне і пражыванне ў інтэрнатах сіротаў і чарнобыльцаў.

“Ільготы абітурыентаў разбэшчваюць, – лічыць былы выкладчык і рэпетытар Антон Клімовіч. – Напрыклад, для сіротаў дастаткова здаць іспыты на мінімальны бал – “чацвёрку”. Але, як паказвае практыка, для шмат якіх выпускнікоў школ-інтэрнатаў нават гэта праблема. Значна лепш даваць аднолькава добрую адукацыю ва ўсіх школах – незалежна ад таго, вясковая яна, гарадская ці для дзяцей-сіротаў. І тады на іспытах усе будуць у роўных умовах”. Гэтак, сіротам дастаткова здаць іспыты на мінімальны бал, “чацвёрку”, і яны паступаюць на бюджэт.

У міністэрстве адмовіліся каментаваць сваё рашэнне, аднак, як кажа намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, новаўвядзенні ўсё ж будуць: плануюць увесці мінімальна станоўчыя балы паводле вынікаў цэнтральнага тэставання. “За апошнія гады пачасціліся выпадкі, калі абітурыенты з вельмі нізкімі баламі, асабліва ў дакладных дысцыплінах, паступалі на платнае аддзяленне ва ўніверсітэты. Гэта моцна зніжае прэстыж вышэйшай адукацыі. Таму мы прааналізуем вынікі ЦТ 2011 г. і да пачатку тэставання ў гэтым годзе вызначым, якія балы будуць прымальныя ў кожным з прадметаў, каб паступаць ва ўніверсітэт ці каледж”.

Паводле звестак Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў, сярэдні бал ЦТ у 2011 г. па гісторыі Беларусі склаў 34,88. Калі пераводзіць балы ў адзнакі, атрымліваецца “чацвёрка”. Па матэматыцы летась сярэдні бал склаў 21,56, па беларускай мове – 31,11, па расейскай – 30,48 (у 2010 г. – 31,27), гэта “тройка”.

belsat.eu

Стужка навінаў