Ілля Маліноўскі ў «Гарачым каментары»


Скандал вакол адбору беларускага прадстаўніка на “Еўрабачанне” выбухнуў з новаю сілаю – спявачка Алена Ланская здала свой першы прыз “Еўрафэсту”. І з нагоды падтасоўкі вынікаў галасавання як журы, так і гледачоў, прайшла нарада ў кіраўніка дзяржавы. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампаніі ды нават Следчага камітэту аналітычнага цэнтру Адміністрацыі прэзідэнта.

Спачатку меркавалася, што ў галасаванні гледачоў “Еўрафэсту” Алена Ланская не перамагла, але журы конкурсу ўсё ж прагаласавала “правільна”. Аднак пазней, пасля размоваў з журы, высветлілася адваротнае. Большую колькасць балаў, як выявілася, набралі гурт “Litesound” і спявачка Гюнэш. Адразу папаўзлі чуткі пра тое, што была створаная адмысловая камісія дзеля праверкі вынікаў “Еўрафэсту”, але ніхто не чакаў, што такая, здавалася б, “злёгку скандальная” справа, характэрная для шоу-бізнесу, дойдзе ажно да адмысловай камісіі ды загаду кіраўніка дзяржавы разабрацца.

Паводле музычнага журналіста Іллі Маліноўскага, старшыня журы “Еўрафэсту” Аляксандр Ціхановіч паведаміў яму, што журы прагаласавала за “Litesound”, а гледачы аддалі перавагу Ланской. Таму перамагла Ланская.

“Як стала вядома сёння, адным з галоўных спонсараў “Еўрафэсту” было ААТ “Амкадор”. І стала вядома таксама, што “Амкадор” быў прадзюсерам гэтай самай Ланской. Ну і, хутчэй за ўсё, праз Аляксандра Шакуціна (кіраўнік “Амкадору”), праз ягоны ўплыў так атрымалася”, – кажа спадар Маліноўскі.

Яшчэ пасля адборачных тураў да “Еўрафэсту”, шмат хто казаў, што песня “Litesound” больш пасуе да фармату “Еўрабачання”.

“Яны больш моладзева выглядаюць і адпавядаюць той тэндэнцыі, што назіраецца на “Еўрабачанні”. Таму – так, у іх больш шанцаў, аднак нечага прадказваць я не магу – невядома, што пакажуць іншыя краіны”, – кажа Ілля Маліноўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў