Валерый Фралоў: Лукашэнку няма чаго разлічваць на афіцэраў


Беларускае войска і афіцэрскі склад не будуць бараніць Лукашэнку і ягоную ўладу ад іншых беларусаў, упэўнены генерал Фралоў. На думку вайскоўца, найвялікшая пагроза для рэжыму Лукашэнкі зыходзіць знутры краіны – ад беларускага народу.

Выступаючы на прыёме камандавання Узброеных сілаў і праваахоўных органаў, Лукашэнка абвінаваціў краіны Захаду ў гвалтоўнай змене дзяржаўнай улады ў шэрагу краінаў Паўночнай Афрыкі. Гэты ж сцэнар Захад гатовы рэалізаваць у Сірыі, Іране ды іншых краінах, мяркуе афіцыйны лідар. Былы дэпутат беларускага парламенту, генерал Валерый Фралоў, кажа, што такія заявы – гэта пошук вобразу вонкавага ворага, якога можна было б абвінаваціць ува ўсіх праблемах краіны. «Але людзі ж не дурні. Нават калі чалавек не эканаміст, ён бачыць, што мы рухаемся чорт ведае куды. Гэта стварае праблемы для ягонага «мудрага кіраўніцтва», для яго асабіста. Таму спрабуючы знайсці рэчы, што задзіночылі б народ, ён шукае ворагаў», – дадаў генерал Валерый Фралоў.

Падчас свайго выступу Аляксандр Лукашэнка паабяцаў палепшыць жыццё вайскоўцаў. «Мне як галоўнакамандуючаму добра вядома пра цяперашнюю сітуацыю з забеспячэннем сілавых структураў, я не аднойчы гаварыў, і найбліжэйшым часам з гэтым разбяромся», – зазначыў Лукашэнка. Ці дапаможа гэта знайсці больш прыхільнікаў сярод вайскоўцаў? «Я памятаю першую сустрэчу з ім, калі ён толькі заняў пасаду прэзідэнта. Ён паўтары гадзіны выступаў на калегіуме. Я адчуў ягоны каласальны недавер да афіцэраў, – згадвае Валерый Фралоў. – На мой погляд, спадзявацца на афіцэраў для яго наіўна. Афіцэры праходзяць сур’ёзную школу, гэта людзі з высокім пачуццём адказнасці, прыстойнасці».

belsat.eu

Стужка навінаў