«Дзень радасці» сабраў грошы для дзяцей


У менскай «Арт-сядзібе» ў межах праекту «Дзень радасці» адбыўся дабрачынны канцэрт, падчас якога прайшоў аўкцыён дзіцячых малюнкаў. Сабраныя сродкі дазволяць арганізаваць паездку ў сталічны цырк для выхаванцаў Асіповіцкай спецшколы-інтэрнату ды Івянецкага дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

«Гэтая ідэя нарадзілася падчас выездаў у дзіцячыя дамы: мы да Новага года выязджалі ў дзіцячыя дамы-інтэрнаты, дзе ёсць дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і рабілі для іх пераднавагоднія канцэрты ды салодкія сталы», – распавёў адзін з арганізатараў праекту «Дзень радасці» Дзяніс Кобрусеў.

Паводле яго, у якасці падзякі дзеці намалявалі шмат малюнкаў, што і падало ідэю для правядзення дабрачыннага аўкцыёну, якім, аднак, праект не абмяжуецца, бо для рэалізацыі ўсяго задуманага патрэбныя спонсары.

У дабрачынным канцэрце ўзялі ўдзел група «BosaeSonca», выканаўцы Зміцер Вайцюшкевіч і Паліна Рэспубліка, а ў якасці вядоўцы вечара выступіла паэтка Валярына Кустава.

«Спачатку я думала адмовіцца, бо на гэтым тыдні для мяне гэта ўжо трэці выступ. Але калі мне сказалі, што гэта для дзетак, не змагла адмовіць», – гаворыць адна з удзельніц акцыі Паліна Рэспубліка.

belsat.eu

Стужка навінаў