Індывідуальныя прадпрымальнікі зварочваюць бізнес


У студзені гэтага года колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася на 9 % (3731 прадпрымальнік) у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка лічыць, што скарачэнне колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў вынікае з палітыкі дзяржавы, якая стварае больш камфортныя ўмовы для юрыдычных асобаў.

“Цяжар падаткаў для ІП, якія працуюць паводле адзінага падатку, у разы вышэйшы, чым у тых, хто працуе паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Дзяржава вядзе дыялог з прадстаўнікамі сярэдняга і буйнога бізнесу, забываючы пра індывідуальных прадпрымальнікаў. Яна не разумее, чым мы жывем і што нам неабходна для развіцця, – адзначыў Анатоль Шумчанка. – Скарачэнне на 9 % сведчыць, што людзі абанкруціліся, высокія падаткі ды недахоп абаротных сродкаў не даюць ім разгарнуць справы яшчэ на старце. З такімі тэмпамі праз 10 гадоў у Беларусі наогул не застанецца індывідуальных прадпрымальнікаў”.

Яшчэ летась РГА “Перспектыва” праводзіла конкурс сярод прадпрымальнікаў “Лепшы рэгіён”, вынікі якога сведчылі пра змяншэнне колькасці ІП. Тым не менш прадстаўнікі некаторых бізнес-супольнасцяў адзначаюць, што з прыняццем Дырэктывы № 4 усё ж такі стаў заўважны працэс лібералізацыі. „Калі параўноўваць з тым, што было 10 гадоў назад, то ў бізнес-клімаце існуюць пазітыўныя зрухі: зараз патрабуецца менш ліцэнзіяў, менш часу займае рэгістрацыя. Я ўпэўнены, што рэалізацыя ўсіх палажэнняў дырэктывы, якая зойме не адзін год, здолее палепшыць сітуацыю. Але не хапае зладжанай працы ўсіх галінаў улады”, – пракаментаваў кіраўнік Бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. прафесара Куняўскага Георгій Бадзей.

belsat.eu

Стужка навінаў