Міністр абароны Андрэй Раўкоў адказаў на зварот старшыняў Аб’яднанай грамадскай партыі і Руху «За свабоду».
Фотаздымак адказу, у якім гаворыцца пра немэтазгоднасць прапаноўваў, агучаных падчас асабістага прыёму грамадзянаў міністрам, апублікаваў у «Facebook» Анатоль Лябедзька.
Адказ на зварот палітык пракаментаваў наступным чынам:
«Міністр Раўкоў адпісаўся.
Цуду не здарылася. Нашым генералам цяжка выбірацца з савецкага мінулага. Няма ні волі, ні жадання, ні ціску знізу, ні запыту зверху.
Што ж адхіліў міністр?
1) Правесці ў сакавіку бягучага года дыскусію аб праблеме дзедаўшчыны ў беларускай арміі. Гэта значыць, сесці за адзін стол людзям у пагонах, прадстаўнікам грамадскіх арганізацыяў, ініцыятываў, экспертам, прадстаўнікам ваенных ведамстваў з краінаў, дзе гэтую праблему навучыліся вырашаць.
2) Аб’яднаць нашыя намаганні і магчымасці Мінабароны ў працы над заканадаўствам, у прыватнасці, над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб статусе ваеннаслужачага»
3) Калі сказаць вобразна, замест Суворава паставіць на пастамент Касцюшку.
Але не толькі гэта. Нам кажуць – міністэрства абароны застаецца закрытым ваенным абʼектам з вартавымі вышкамі і казармай, уздоўж якой з аўтаматам ходзіць пільны Раўкоў. Лепшым сродкам барацьбы з дзедаўшчынай генерал лічыць мінімум інфармацыі, якая прасочваецца з ягонага ведамства. Ну што ж, з такой стратэгіяй застаецца толькі чакаць чарговага скандалу, і на жаль, чарговай дурной, бессэнсоўнай смерці!»
НМ, belsat.eu, фотаздымак БелТА