Каб людзі не з'язджалі з малых гарадоў, уводзяць новыя льготы


Крэдыты на жытло ім дадуць на 40 гадоў пад 1% гадавых.

Пачынаюць дзеяць новыя ўмовы і механізмы аказання дзяржаўнага падтрымання пры будаўніцтве, рэканструкцыі або пакупцы жылля. Іх уводзіць Указ прэзідэнта № 617 ад 30 лістапада 2010 г.

На грамадзянаў, якія стала жывуць і працуюць у гарадах з насельніцтвам да 50 тыс. чалавек, а таксама ў Слуцку, Рэчыцы, Кобрыне і Светлагорску, распраўсюджваюцца ўмовы крэдытавання, якія раней дзеялі толькі для жыхароў мястэчак з насельніцтвам да 20 тыс. чалавек. Гаворка ідзе пра крэдыты на 40 гадоў пад 1% гадавых.

Указ усталёўвае таксама мінімальны тэрмін, цягам якога адбываецца выдача льготных крэдытаў на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў: 2 гады з дня пачатку крэдытавання.

“Шматдзетным сем’ям дадуць ільготныя крэдыты на будаўніцтва гаспадарчых пабудоваў памерам да 20% кошту будаўніцтва льготна крэдытаванай плошчы”, – адзначае прэс-сакратар Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў.

Разам з тым, кошт жытла ў малых гарадах па-ранейшаму застаецца высокім. “Сёння ўрад распрацаваў праграму развіцця гарадоў-спадарожнікаў: Лагойск, Смалявічы, Заслаўе… Але кошт жытла ў гэтых гарадах – на ўзроўні сталічнага. А вось інфраструктура пакуль не развітая, транспартая сетка не наладжаная. Узнікае пытанне – хто паедзе жыць за 30 км ад Менску?” – кажа намеснік дырэктара ў камерцыйных пытаннях агенцтва нерухомасці “Універсальныя юрыдычныя паслугі” Арцём Вайніловіч.

Паводле яго, ільготныя крэдыты могуць стрымаць адток мясцовых жыхароў у абласныя гарады і сталіцу. Але для таго, каб у малыя гарады прыехалі новыя людзі, трэба стварыць інфраструктуру і знізіць кошт жытла.

belsat.eu

Стужка навінаў