Дапамога ад дзяржавы – Br 4 тыс. на месяц


Менавіта столькі змаглі зэканоміць сацыяльна неабароненыя менчукі, якім улады паабяцалі зніжкі на тавары.

Сістэма дысконту для сацыяльна неабароненага насельніцтва пачала працаваць у буйных універмагах сталіцы летась у лістападзе. Прамысловыя тавары айчыннай вытворчасці можна набыць са зніжкаю 10 %, харчы – 5 %. Скарыстацца ільготамі могуць шматдзетныя сем’і, інваліды, дзеці-сіроты і пенсіянеры – дысконт распаўсюджваецца больш як на 14 тысяч менчукоў.

У Камітэце працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму паведамілі, што дзякуючы сацыяльным дысконтным карткам менчукі зэканомілі Br 230 млн. Калі пералічыць зніжкі на колькасць ільготнікаў, атрымліваецца, што кожны зэканоміў прыкладна Br 4 тыс. за месяц.

“Мы карысталіся зніжкамі толькі аднойчы, калі набывалі дзецям зімнюю вопратку, – кажа шматдзетная маці Алена Семановіч. – Агулам зэканомілі больш за Br 100 тыс. Рэч у тым, што мы маем права атрымліваць зніжкі толькі ў тых крамах, якія месцяцца ў тым раёне, дзе мы прапісаныя. Але кватэру мы здымаем у іншым раёне, таму большасць харчоў купляем у бліжэйшай краме каля дому за звычайныя кошты”.

Зніжкі прапаноўваюць не толькі буйныя дзяржаўныя крамы, але і прыватныя: “Алмі”, “Еўраопт”, “Суседзі”, “Рублёўскі” і інш. Прычым дапамагаць сацыяльна неабароненым менчукам яны мусяць з уласных сродкаў, дзяржава нічога кампенсоўваць не будзе. “Акцыя праходзіць за кошт гандлёвых арганізацыяў. Гэта сацыяльная адказнасць бізнесу і дабрачыннасць”, – патлумачылі ў Камітэце працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму.

belsat.eu

Стужка навінаў