Далькажык і Дастаеўскі


З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы мы наведалі здымачны план лінгвістычнай праграмы «Моўнік», дзе яе аўтар, мовазнаўца Зміцер Саўка, рыхтуючыся да запісу праграмы, распавёў пра тое, дзе знайсці крыніцу сучаснай беларускай мовы, чаму глабалізаваны свет не карыстаецца адною моваю, а таксама пра тое, як жыхары нашай краіны ставяцца да беларускамоўных людзей:



Не хацелася б апеляваць тысячны раз да слова душа, але праз мову выліваецца чалавек вонкі. А тым больш нацыя. Як выслоўліваецца нацыя, што гаворыць да свету нацыя, як нацыя сама з сабою размаўляе, праз сваіх прадстаўнікоў… Гэта ўжо, калі хочаце, працэс, які можна параўнаць з клеткамі ў мозгу: кожны чалавек – клетачка, і наколькі паспяховае, наколькі багатае, змястоўнае гэтае кантактаванне паміж клеткамі – настолькі эфектыўны будзе мозг.

Уявіце сітуацыю: мова ўніфікавалася. Усе размаўляюць на адной мове – гэта тупіковы шлях. Розныя мовы маюць зусім розныя спосабы выразіць тое самае, і калі мы маем, умоўна кажучы, тысячу моваў, мы маем тысячу варыянтаў далейшага развіцця і спосабу камунікацыі са светам. А значыцца, у нас застаецца аграмадны выбар выразных сродкаў, якія ў выпадку, калі б мы звялі ўсё да адной мовы, прывялі б свет да такога культурнага тупіка.

Наватворы – нармальны прадукт жыццядзейнасці мовы. Гэта не нейкае дзіва беларускіх нацыяналістаў, якія ўсё хочуць сказаць не па-расейску. Гэта адбываецца ў любым народзе, у любы час. Напрыклад, Дастаеўскі прыдумаў слова «стушеваться». Ніхто не ўжываў такога слова. «Стушеваться» ў значэнні збянтэжыцца, сумецца менавіта ён ужыў у адным са сваіх раманаў, потым паўтарыў у іншым рамане… Улічваючы папулярнасць творчасці Дастаеўскага, гэтае слова як абсалютны аказіяналізм, абсалютна аўтарскі наватвор, проста прыдуманае, выцягнутае з-пад воласа ўвайшло ў слоўнік. Вы ў любым расейскім слоўніку знойдзеце гэтае слова.

Ёсць, несумненна, цікавыя эксперыменты. Яны не бессэнсоўныя. У беларускім асяроддзі звычайна ўзгадваюць спадара Дранько-Майсюка з ягоным далькажыкам (мабільны тэлефон). Кажуць: ну, слова ж не прыжывецца. А гэтае слова ўжо ведаюць тысячы людзей, і калі яго ведаюць тысячы людзей, Дранько-Майсюк зрабіў сваю справу! Іншая рэч, наколькі гэты далькажык сур’ёзна ўспрымаецца. Ці не ўспрымаецца ён як такая інтэлектуальная гульня – пакажа час. Але факт, што гэты наватвор ужо ўваходзіць у нашае жыццё. Напрыклад я сустракаю пераклады праграмаў, у інтэрнэце, дзе я гэты далькажык ужо спатыкаю.

Сёння прыходзіць новае пакаленне, чые бабулі і дзядулі (я ўжо не кажу пра бацькоў і матуль) не гавораць па-беларуску. Адкуль ім браць, з якой крыніцы чэрпаць? Вядома, ёсць мастацкая літаратура, ёсць узоры штодзённай размовы ў сучаснай беларускай літаратуры, напрыклад, Бахарэвіч, Глёбус – гэта дзясяткі, дзясяткі прозвішчаў. Аднак мяркую, што самаю даступнаю ёсць такая крыніца (не хацелася б, каб гэта выглядала як самарэклама), як мастацкія фільмы, што паказваюць па-беларуску на тэлеканале «Белсат». Ёсць рэсурс «Баравік», на які выкладаюцца сотні фільмаў, зробленыя і на «Белсаце» ды іншымі творчымі калектывамі. І сёння маладыя людзі могуць мець такія ўзоры маўлення на прыкладзе пабытовых фільмаў або пабытовых сцэнаў.

Сутыкненне людзей з беларускаю моваю з маіх вуснаў – гэта, вядома, перажыванне цікавае для гэтых людзей. Вельмі шмат апошнім часам выпадкаў, калі людзі рэагуюць настолькі натуральна, што проста пачынаюць адказваць па-беларуску. Некаторыя гатовыя кідацца на шыю, абдымаць і цалаваць, маўляў, «як добра, што вы гаворыце па-беларуску, хоць хтосьці гаворыць па-беларуску». Але такая рэакцыя была больш тыповая гадоў 10–15 таму. Апошнім часам самая тыповая рэакцыя – людзі проста не заўважаюць, можа, яны там нешта сабе і думаюць, скажу больш – відаць, яны сабе нешта думаюць, але пры тым пры ўсім яны застаюцца на расейскамоўнай хвалі або, як мовазнаўцы кажуць, не мяняюць моўнага коду. Але шмат хто тут жа перастаўляе код і абсалютна натуральна адказвае па-беларуску. Літаральна некалькі дзён таму адзін за адным: я купляў праезны – мне адказалі па-беларуску, купляў нешта ў краме – мне адказалі па-беларуску, нібы так і павінна быць. Дзякуй Богу! Дык можа, не нібы, а так і павінна быць! І так ёсць! І так, спадзяюся, будзе.

Стужка навінаў