Андрэй Пачобут: Улады ў пытаннях уласнасці паводзяцца па-бандыцку


Паводле звестак неафіцыйнага Саюзу палякаў, маёмасць Польскага дому ў Івянцы раскралі.

Адзін з лідараў не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Андрэй Пачобут кажа, што пабудаваныя за польскія грошы будынкі, якія ўлады перадалі афіцыйнаму Саюзу палякаў, марнеюць. “Калі падае снег, каля Польскага дому ў Горадні не ўбачыш слядоў”, – кажа Андрэй Пачобут.

У руках неафіцыйнага Саюзу палякаў засталіся два дамы – у Баранавічах і Барысаве. Андрэй Пачобут распавёў, што пасля таго як Польскі дом у Івянцы з вялікім скандалам забралі ўлады, там перасталі адбывацца курсы польскай мовы або іншыя імпрэзы польскай нацыянальнай меншасці. Частку маёмасці, паводле суразмоўцы, раскралі.

Пабудову дамоў фінансавала арганізацыя “Wspólnota Polska”. Паводле дамовы, якую яна заключыла з уладамі Беларусі, Польскія дамы ёсць уласнасцю Саюзу палякаў. І калі будынкі не выкарыстоўваюцца адпаведна з мэтамі, для якіх паўсталі, “Wspólnota Polska” мае права патрабаваць, каб іх вярнулі.

Як паведаміў Андрэй Пачобут, папярэдні старшыня арганізацыі “Wspólnota Polska” Мацей Плажыньскі, які загінуў у катастрофе каля Смаленску, разглядаў магчымасць пачатку нейкіх юрыдычных дзеянняў. Аднак вярнуць не атрымалася нават маёмасць польскай амбасады, якая засталася ў Польскім доме ў Івянцы: суд проста не прыняў да разгляду такую позву.

“Відаць, што ўлады Беларусі ў пытаннях уласнасці паводзяцца, як бандыты”, – кажа Андрэй Пачобут. Спробы вярнуць маёмасць пры ўдзеле еўрапейскіх арганізацыяў ён называе ўтопіяй, бо нават “пастановы Камітэту ААН, адзінай арганізацыі, якая разглядае пытанні па Беларусі, не выконваюцца ўладамі”.

belsat.eu

Стужка навінаў