Аграрыі патлумачылі, чаму беларускія памідоры каштуюць амаль столькі ж, колькі турэцкія.
30-градусныя маразы паўплывалі на працу цяплічных прадпрыемстваў. «Мы істотна павялічылі абагрэў цяпліц. Гэта адна з асноўных прычынаў, чаму прадукцыя падаражэла. Дзяржава не ўстанаўлівае цэнаў на цяплічную гародніну, цэны свабодныя. Гандлёвыя прадпрыемствы «накручваюць» пачатковы кошт удвая», – патлумачыла кіраўніца вытворчасці гародніны агракамбінату «Ждановічы» Вера Трынтова.
Паводле інфармацыі Белстату, сёлета беларуская гародніна на 104 % даражэйшая, чымся ў 2011 г. Беларускія памідоры каштуюць больш за 30 тыс. руб., гуркі – больш за 50 тыс. За гэтыя ж грошы можна купіць 3–5 кг бананаў або апельсінаў. Чаму такая розніца?
«Параўноўваць розныя групы тавараў некарэктна, – кажа галоўная спецыялістка ў пытаннях маркетынгу Менскай агародніннай фабрыкі Людміла Калясень. – Існуе паняцце сезоннасці, таму памідоры і гуркі цяпер каштуюць у некалькі разоў даражэй, чымся летам».
belsat.eu