71-ы дзень пратэстаў. Нядзельныя акцыі, Нобэль для Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкалы

Акцыі пратэсту ў Беларусі працягваюцца ўжо 71 дзень. Беларусы не згодныя з фальсіфікацыямі на выбарах прэзідэнта, патрабуюць сыходу Лукашэнкі, спыненне гвалту і правядзенне новых выбараў. Чым адметная пратэстная нядзеля – у падсумавання дня Belsat.eu.

Традыцыйны нядзельны марш

У Менску і многіх гарадах краіны адбыліся традыцыйныя нядзельныя акцыі пратэсту. У сталіцы выйшлі дзясяткі тысячаў чалавек.

Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu
Марш партызанаў у Менску, 18 кастрычніка 2020 г. Фота: «Белсат»

Падчас акцыі міліцыянты стралялі ў людзей гумавымі кулямі, шпурлялі ў натоўп святлошумавыя гранаты. У МУС пазней распавялі, што нібыта стралялі ўгару, бо нібыта мітынгоўцы шпурлялі ў міліцыянтаў камяні і іншыя прадметы. Але на відэа добра бачна, што насамрэч стралялі ў людзей, у гэты ж час ніхто не шпурляў у сілавікоў нейкіх прадметаў.

Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Міліцыянты затрымалі амаль 200 асобаў

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», міліцыянты затрымалі падчас нядзельных акцыяў 194 чалавекі. Пры гэтым, спіс праваабаронцаў абнаўляецца. Найбольш затрыманняў у Менску. Сотні чалавек правядуць ноч у чаканні судоў.

Менск падчас акцыі пратэсту 18 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

Сярод затрыманых – журналіст «Белсату» Алесь Любянчук. Цяпер журналіст знаходзіцца ў Кастрычніцкім РУУС Менску. Вядома, што яму інкрымінуюць артыкул 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

Прапанова Нобэля для беларускіх жанчын

Дэпутат нарвежскага парламенту Гейр Тоскедал выступіў з заявай, што вылучыў Святлану Цiханоўскую, Марыю Калеснiкаву і Вераніку Цапкалу на атрыманне Нобэлеўскай прэміі міру 2021 года. Пра паведамляе суполка беларусаў у Нарвегіі «РАЗАМ».

«Гэтыя тры жанчыны адыгралі асаблівую ролю ў барацьбе з таталітарным рэжымам у Беларусі. За гэта яны заслугоўваюць Нобэлеўскую прэмію міру», – сказаў Гейр Тоскедал.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У абгрунтаванні намінацыі таксама адзначаецца, што Калеснікава, Цапкала і Ціханоўская заслугоўваюць высокай ацэнкі «за барацьбу за сумленныя выбары і натхненне для мірнай апазіцыі супраць нелегітымнага рэжыму ў Беларусі».

Максім Харошын, уласнік крамы з кветкамі, якога жорстка збілі міліцыянты, выехаў за мяжу на рэабілітацыю. Пра гэта Харошын напісаў у сваім Instagram.

Уласнік крамы кветак стаў вядомы пасля таго, як падчас жаночых маршах раздаваў дзяўчатам кветкі. Яго ў выніку затрымалі міліцыянты і жорстка збілі. Мужчына патрапіў у шпіталь з мноствам траўмаў.

Максім Харошын. Скрыншот

СК belsat.eu

Hавiны