Аляксандр Ярашук у "Гарачым каментары"


Чарговая дэвальвацыя ўдарыла па ашчаджэннях беларусаў. І гэта адбываецца не ўпершыню. На пачатку 90-х шмат хто апынуўся ў аналагічнай сітуацыі. Але тады з-за развалу СССР па кампенсацыю не было да каго звярнуцца. А вось цяпер выглядае на тое, што цярпенню беларусаў прыйшоў канец.

Ніна Мірашнічэнка, 81-гадовая пенсіянерка з Менску, адважылася на змаганне з тым, што моўчкі трываюць астатнія беларусы. З-за дэвальвацыі грашовыя ўклады ў беларускіх рублях абясцэніліся. Адказнасці за гэта на сябе ніхто не бярэ. Таму жыхарка Менску накіравала пазоў у суд і патрабуе спагнаць з банку 55 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі грашовых і маральных стратаў.

Жанчына змагаецца не толькі за страчаныя грошы, але і за гонар і годнасць. Паводле яе, нельга так бессаромна абыходзіцца са сталымі людзьмі, якія мала што разумеюць у эканоміцы і давяраюць працаўнікам банкаў. У сваю чаргу банк пазову не прызнае.

Паводле лідара беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, кампенсаваць страты спадарыні Мірашнічэнцы мусіла дзяржава, бо яна ўласніца “Беларусбанку”. Аднак гэта хіба першы выпадак, калі падмануты дзяржаваю грамадзянін спрабуе дамагчыся сваёй праўды.

“Апошнім часам шмат чаго адбываецца таго, што можа сведчыць пра нейкія тэктанічныя рухі ў нетрах беларускага грамадства. Стыхійныя страйкі – БАТЭ, баранавіцкі “Атлант”, як на “Граніце” рабочыя проста збеглі з афіцыйных прафсаюзаў і заявілі пра тое, што далучаюцца да нас, і яшчэ ёсць некалькі такіх фактаў. Гэта не выпадковасць – нейкія змены ў беларускім грамадстве маюць месца. Аднак гэта не значыць, што заўтра мы рушым у бок пераменаў”, – падкрэслівае спадар Ярашук.

belsat.eu

Стужка навінаў