"У Расеі ёсць палітвязні, якія сядзяць паводле крымінальных артыкулаў"


У Доме Масквы ў Менску прайшла сустрэча з расейскім пісьменнікам, даверанай асобаю кандыдата на прэзідэнцтва РФ Уладзіміра Пуціна, кіраўніком федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі” Валерыем Казаковым.

“Я прымаю магчымасць чалавека выказаць сваё меркаванне на мітынгах, але гэтыя мітынгі мусяць быць законныя. Я не разумею, навошта, напрыклад, людзей неабходна ўначы выводзіць на вуліцу”, – зазначыў Казакоў. На пытанне карэспандэнта, калі ў Беларусі выводзілі людзей на мітынг уначы, Казакоў адказаў: “19-га. Ноч была ж глыбокая. Зімою. У Каране ёсць такая фраза: чалавек, які ідзе ўначы, задумвае зло. Навошта нешта рабіць па-за межамі закону, калі гэта можна рабіць паводле закону? На Балотную плошчу прыходзяць сотні людзей, яны праходзяць праз металадэтэктары, ніхто ім не забараняе”, – заявіў Казакоў.

З ягоных словаў, празмернае ўжыванне любой сілы адмоўна адбіваецца на агульным стане грамадзянскай супольнасці. На думку пісьменніка, вельмі цяжка правесці мяжу паміж палітычнымі зняволенымі ды хуліганскімі дзеяннямі ў той ці іншай сітуацыі. “Сёння ў Расеі таксама існуюць палітзняволеныя, хаця яны ўсе сядзяць паводле крымінальных артыкулаў. Тое ж самае і ў Беларусі: людзі, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці, прыцягнулі да яе не паводле палітычных артыкулаў. Думаю, што гэта пытанне паціху будзе развязвацца”, – зазначыў Казакоў.

“Права чалавека на выказванне сваіх думак – гэта адно, права чалавека на парушэнне грамадскага парадку – іншае. Правы чалавека не мусяць палітызоўвацца. Права чалавека – гэта перш за ўсё права на працу, жыллё, адукацыю, веравызнанне, – чамусьці лічыць Казакоў. – Гэтыя правы ў Беларусі асабліва не парушаюцца”, – заявіў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў