V Агульнанацыянальная дыктоўка працягваецца


Наступныя этапы напісання дыктоўкі адбудуцца 15 сакавіка ў 17.30 (2-і этап) і 23 сакавіка ў 19.30 (3-і этап, прысвечаны ўгодкам БНР) ў сядзібе Таварыства Беларускай Мовы ў Менску па адрасе вул. Румянцава. Тэлеканал «Белсат» падтрымлівае дыктоўку, якая пачалася 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы. Напісаць яе цяпер можна і дыстанцыйна праз інтэрнэт.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа: «Нашая мэта – заклікаць людзей да дыктоўкі, даць ім тэксты, а далей ужо ідзе вольны валанцёрскі рух».

Кожны можа напісаць яе сам ці са сваімі блізкімі ды сябрамі.

Сёлетнюю дыктоўку арганізатары прысвяцілі юбілеям трох беларускіх літаратараў: Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Тэксты прапаноўваюцца на выбар – гэта праграмны верш Максіма Танка і малавядомы ліст Янкі Купалы.

Зміцер Саўка, кіраўнік моўнай службы «Белсату», зазначае: «Дыктоўка – гэта арыгінальны спосаб заявіць пра ненармальнасць сітуацыі. Калі б у нас беларуская мова займала належнае месца ў штодзённасці, то, відаць, людзі б «пісалі дыктоўку» штодня. Інакш кажучы, яны запаўнялі б нейкія бланкі, яны пісалі б штосьці сваім калегам. А тут мы паказваем, што мала беларускай мовы ў штодзённасці, мала мы ёй карыстаемся. Давайце рабіць гэта часцей. І вось наўмыснасць такога, у пэўным сэнсе бессэнсоўнага дзеяння напаўняе яго не фармальным, а сімвалічным сэнсам».

Сімвалічныя выявы Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы прысутнічаюць на паперы і асадках, якія ўдзельнікі дыктоўкі атрымліваюць ад «Белсату».

Пераможцы дыктоўкі ў кожным з пяці гарадоў – Менск, Горадня, Магілёў, Баранавічы і Ліда – могуць атрымаць ад незалежнага тэлеканалу спадарожнікавыя антэны з аплочаным мантажом.

«Беларуская мова павінна быць у нашай штодзённасці, і дыктоўка павінна быць штодня ў кожнага чалавека, які ўмее пісаць. На жаль, гэтага няма, таму мы робім дыктоўку наўмысна», – падкрэслівае Зміцер Саўка.

Ідэю правядзення Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў 2008 г. запрапанаваў філосаф Уладзімір Падгол.

Стужка навінаў