БАТЭ: страйк спрацаваў!


Працаўнікі ААТ БАТЭ дамагліся павышэння заработнай платы на 20 %. Павысіць лютаўскі заробак ім абяцалі прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства.

3 лютага на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання прайшла стыхійная акцыя пратэсту. Атрымаўшы разліковыя аркушы за студзень, рабочыя цэхаў № 17 і 18 пачалі выказваць сваю незадаволенасць нізкім памерам заробку – каля 1,5 млн руб. Людзі часова спынілі працу, патрабуючы павышэння заробку. Да іх прыбылі прадстаўнікі завадской адміністрацыі, якія запісалі ўсе патрабаванні незадаволеных і паабяцалі да 15 лютага даць на іх адказ.

Як паведаміў лідар Беларускага незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, такая сустрэча ўчора адбылася: «Рабочым абяцана, што з лютага заработная плата будзе павышаная на 20 %. Акрамя таго, прэміяльныя выплаты па выніках папярэдняга месяца будуць выплачвацца ўжо ў наступным за ім месяцы. Раней, як сцвярджаюць працаўнікі БАТЭ, прэмія па выніках снежня выплачвалася толькі ў лютым».

Аднак, паводле яго, не ўсе працаўнікі заводу задаволены з гэтых абяцанняў. «Напрыклад, адна з працаўніц патрабавала большага павышэння зарплаты. Ёй прапанавалі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Пісаць такую паперу яна адмовілася», – распавёў лідар прафсаюзу РЭП.

У бліжэйшыя дні ён і іншыя кіраўнікі прафсаюзу наведаюць барысаўскае прадпрыемства, каб больш падрабязна даведацца пра сітуацыю на месцы.

Адметна, што 14 лютага выканальнік абавязкаў намесніка генеральнага дырэктара ў пытаннях ідэалагічнай працы і кіравання персаналам БАТЭ Ігар Мароз на просьбу пракаментаваць сітуацыю заявіў: ніякіх хваляванняў на заводзе не было, інфармацыя пра іх у медыях не адпавядае рэчаіснасці. «Становішча на прадпрыемстве стабільнае, людзі працуюць. Учора таксама ніхто не абураўся – вырашаліся бягучыя пытанні жыццядзейнасці прадпрыемства, яго падраздзяленняў і абмяркоўваўся план працы прадпрыемства. Страйку, пра які напісалі некаторыя медыі, на БАТЭ не было», – сцвярджаў Мароз. Разам з тым, на пытанне, ці сапраўды працоўныя атрымалі заробак памерам 1,5 млн руб., прадстаўнік адміністрацыі адказваць адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў